Іду на выбары. Выбарчая кампанія-2019 выйшла на фінішную прамую

Выбарчая кампанія-2019 выйшла на фінішную прамую. У бліжэйшую  нядзелю – асноўны дзень галасавання. Як удзельнічаюць у парламенцкіх выбарах, што чакаюць ад іх і ад кандыдатаў у дэпутаты жыхары Ляхавіччыны – тэма чарговага апытання «ЛВ».

Генрых ТРАЦЦЯК, Герой Сацыя-лістычнай Працы:
– Для мяне і маёй жонкі Ларысы Паўлаўны выбары – заўсёды свята. Я і сам неаднаразова быў дэпутатам раённага і абласнога Савета дэпутатаў, балаціраваўся ў Вярхоўны Савет СССР. Разумею, што дэпутацкая работа – надзвычай важная, працаваць над удасканаленнем заканадаўства адказна, трэба ўважліва ставіцца да выканання наказаў выбаршчыкаў.
Уважліва азнаёміўся з праграмамі кожнага з дэпутатаў. Зрабіў свой выбар. Упэўнены, наш чалавек у Парламенце будзе адстойваць і інтарэсы людзей сталага ўзросту. У Беларусі да ветэранаў паважлівыя і клапатлівыя адносіны, пенсію выплачваюць своечасова. Для людзей залатога ўзросту арганізоўваюцца разнастайныя мерапрыемствы. З інтарэсам займаюся грамадскай работай, на працягу дзесяцігоддзя ўзначальваў раённы Савет ветэранаў, цяпер усе сілы ўкладваю ў адраджэнне сядзібы Бохвіцаў.
Плануем прыйсці на выбарчы ўчастак у асноўны дзень галасавання – 17 лістапада, калі можна будзе пагаварыць з землякамі, паслухаць выступленні артыстаў – адным словам, адчуць усю святочную атмасферу.

Вольга БОГДАН, намеснік дырэктара ТЦСАН:
– Звычайна наша сям’я стараецца прагаласаваць датэрмінова. Плануем зрабіць так і сёлета, тым больш, муж у нядзелю, 17 лістапада, будзе ў ад’ездзе. Наш участак – Гагарынскі № 36. Дарэчы, я з’яўляюся членам участковай выбарчай камісіі.
Удзел у выбарах лічу справай дзяржаўнай важнасці для ўсіх і кожнага. Для мяне як члена ГА «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын» гэта яшчэ і актыўная пазіцыя неабыякавага чалавека.
Ад таго, хто будзе прадстаўляць нашы інтарэсы ў Парламенце, залежыць будучыня і кожнага асобнага чалавека, і ўсёй краіны. Хачу, каб у маіх дзяцей было шчаслівае заўтра, яны мелі права, як мы, на самарэалізацыю, бясплатную адукацыю, медыцыну. Жадаю, каб і далей у Беларусі панавалі мір, спакой, стабільнасць, а ў Парламент прыйшлі дастойныя людзі, кампетэнтныя, у тым ліку, у сацыяльных пытаннях. Спадзяюся, што чалавек, за якога я прагаласую, адпавядае гэтым патрабаванням.

Таццяна ПЕТУХ, старшыня ўчаст-ковай выбарчай камісіі:
– Ляхавіцкі-Камсамольскі ўчастак для галасавання № 37 адзін з самых вялікіх у раёне, тут замацаваны 1862 выбаршчыкі. На выбарах ужо шмат гадоў працую ва ўчастковай камісіі. І з уласнага вопыту магу сцвярджаць: падчас кожнай выбарчай кампаніі землякі дэманструюць высокую актыўнасць. Напрыклад, за першую гадзіну датэрміновага галасавання на нашым участку прагаласавалі дзевяць чалавек. Першыя, хто прыйшоў на выбарчы ўчастак, атрымалі сувеніры. Падарункі чакаюць і 15 маладых выбаршчыкаў, якія ўпершыню атрымалі права ўдзелу ў выбарах.
З дзесяці членаў нашай камісіі толькі адзін навічок, астатнія – са стажам работы. Мы аператыўна ўдакладнілі спісы выбаршчыкаў, запрасілі іх прыняць удзел у галасаванні, па графіку дзяжу-рылі на ўчастку, дзе стварылі ўсе ўмовы для тых, хто галасуе. Для камісіі асноўная задача – правесці выбары ў поўнай адпаведнасці з заканадаўствам.

Алена ДЫДЫШКА, дырэктар Востраўскай СШ:
– Лічу, кожны выбаршчык абавязаны выказаць сваё волевыяўленне. Гэта і справа гонару, і абавязак. Асабіста перада мной ніколі не стаяла пытанне, ці ісці на выбары. Адназначна: іду галасаваць. Так робяць мае родныя, калегі, суседзі.
Працую ў школе, таму спадзяюся, што новы Парламент сярод іншых будзе акцэнтаваць увагу на пытаннях развіцця і ўдасканалення адукацыі. Лічу, што прадстаўніком ад Ляхавіччыны ў Нацыянальным сходзе павінен быць адукаваны чалавек, які валодае сітуацыяй, кампетэнтны і вопытны. Перш чым прыняць рашэнне на карысць аднаго з кандыдатаў, пазнаёмілася з іх праграмамі. Выбар спыніла на прэтэндэнце, які, на маю думку, зможа дастойна прадстаўляць інтарэсы землякоў.

Ала ТУРКІНА, галоўная медсястра Ляхавіцкай ЦРБ:
– На свой участак прыйду абавязкова. Цаню магчымасць выбару і карыстаюся правам выбіраць. Запоўнены бюлетэнь – гэта надзеі, ідэі, спадзяванні, прапановы, звязаныя з абраным кандыдатам. Калі раблю выбар, думаю пра сваю Ляхавіччыну. Мой голас – за ініцыятыўнага, зацікаўленага, аўтарытэтнага чалавека – таго, хто бу-дзе ў сваёй дэпутацкай рабоце ўлічваць меркаванні выбаршчыкаў, іх патрэбы, запыты.
Сачыла за перадвыбарнай агітацыяй, бачыла выступленні кандыдатаў па тэлебачанні.
Прагаласую датэрмінова, бо ў асноўны дзень выбараў буду працаваць у складзе ўчастковай выбарчай камісіі Ляхавіцкага-Бальнічнага ўчастка для галасавання № 41.

Улада САВАСЦЮК, студэнтка-першакурсніца Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка:
– Асабіста для мяне ўсё гэта ўпершыню. Упершыню мяне ўключылі ў спісы выбаршчыкаў, упершыню я буду аддаваць свой голас за кандыдата ў дэпутаты. Без усялякіх сумненняў буду ўдзельнічаць у выбарах. Нельга ўпусціць шанц паўплываць на будучыню сваю і сваёй краіны. Хачу, каб наша Беларусь была яшчэ больш прыцягальнай для моладзі, каб яна квітнела, развівалася, і сюды спяшаліся шматлікія турысты. Для маладых цяпер адкрыты ўсе дарогі, вось і я скарысталася магчымасцю атрымаць бясплатна вышэйшую адукацыю.
Вучуся і жыву цяпер у Мінску, там і прагаласую, зраблю гэта датэрмінова, таму што на выхадныя збіраюся прыехаць дадому ў Ляхавічы. Упэўне-на, што мой голас, як і кожны іншы, важны.

Гутарыла Галіна КАНЬКО.