Пра важнае харчовае. Гарачымі абедамі забяспечаны ўсе школьнікі Ляхавіцкага раёна

Фота з архіва «ЛВ»

Адпраўляючы дзіця ў школу ці дзіцячы садок, бацькі хвалююцца не толькі пра яго навучанне, выхаванне і бяспеку, але і пра тое, каб іх сын ці дачка былі добра накормлены. Што датычыць апошняга, прычын для хваляванняў наогул няма. Як адзначылі ў аддзеле па адукацыі райвыканкама, усе 2668 навучэнцаў і 842 выхаванцы дашкольных устаноў раёна забяспечаны гарачым харчаваннем.
Асноўную фінансавую нагрузку па аплаце харчавання ў сельскіх установах адукацыі нясе мясцовы бюджэт. Адна-, двух- і трохразовае харчаванне за кошт раённага бюджэту прадастаўляецца 76 працэнтам школьнікаў, якія вучацца ў школах аграгарадкоў і вёсак.
Што тычыцца дашкольнікаў, то бацькі 244 выхаванцаў з мнагадзетных сем’яў плацяць за харчаванне палову кошту, а 76 дашкалят з сем’яў, дзе два дзіцяці наведваюць садок, аплачваюць 30 працэнтаў ад кошту школьных абедаў.
Асаблівая ўвага – на якасць прадуктаў, з якіх гатуюцца стравы для школьнікаў і дашкольнікаў. Ва ўсіх установах створаны і працуюць саветы па харчаванні, бракеражныя камісіі, якія забяспечваюць вытворчы і тэхналагічны кант-роль за гатовымі кулінарнымі вырабамі, тэрмінам рэалізацыі прадуктаў, санітарным станам харчаблокаў і г.д.
Намеснік начальніка аддзела па адукацыі Мікалай Прыхач падкрэсліў, што матэрыяльна-тэхнічная база харчаблокаў знаходзіцца ў здавальня- ючым санітарна-тэхнічным стане. Так, сёлета за кошт сродкаў Сусветнага банка праведзены капітальны рамонт з мадэрнізацыяй харчаблока гімназіі на суму 320 тысяч рублёў, з якіх 54,5 тысячы рублёў пайшло на набыццё абсталявання. За сродкі раённага бюджэту закуплены кухонны посуд на 6,8 тысячы рублёў.
Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на капрамонт харчаблока Конькаўскага ВПК. У планах – абнавіць харчаблок СШ № 1 і шэраг іншых.

Галіна КАНЬКО.