«Міс малютка» з 1 «В». Самую таленавітую, прыгожую, яркую «Міс малютка-2019» выбралі ў Ляхавічах

Знаёмства з юнымі канкурсанткамі праходзіла ў форме традыцыйнай візітоўкі. У кожнай розныя захапленні: хтосьці любіць спяваць і танцаваць, а хтосьці днямі прападае ў бібліятэцы ці, нягледзячы на зусім юны ўзрост, з задавальненнем дапамагае маме на кухні. Пра ўсё гэта і многае іншае расказалі вершамі.



У конкурсе «Маленькая модніца» дзяўчынкам прапанавалі скрынкі з рознай біжутэрыяй, каб стварыць з ёй непаўторны і элегантны вобраз. Трэба было бачыць, як юныя міс стараліся!

А якія яны вясёлыя і таленавітыя, паказаў конкурс творчых здольнасцяў. Сафія Івашка і Арына Хлапянік танцавалі з групамі падтрымкі. Анастасія Швайко, як і многія сучасныя дзяўчынкі, любіць пасядзець у сацыяльных сетках і атрымліваць лайкі. Пра гэта яна расказала ў сваёй песні. Жэня Лук’янчык вельмі пранікнёна і артыстычна прачытала верш. А Ліза Хмарук устроіла інтэрактыў з маленькімі гледачамі і станцавала разам з імі.

У конкурсе «Юны дызайнер» дзяўчынкі разам з мамамі, бабулямі, сястрычкамі стваралі незвычайныя вобразы з падручных матэрыялаў. У ход ішло ўсё – лісце, сурвэткі, поліэтыленавыя пакеты, папера… Атрымалася класна!

У заключным конкурсе «На балі ў Папялушкі» юныя канкурсанткі змаглі адчуць сябе сапраўднымі прынцэсамі. Яны дэфіліравалі ў бальных сукенках і дэманстравалі сваю грацыёзнасць.
Журы давялося вельмі няпроста. Усе ўдзельніцы конкурсу былі мілыя, абаяльныя і непасрэдныя.

– Не кожны дарослы зможа так упэўнена выйсці на сцэну. Дзяўчынкі старанна рыхтаваліся, прыходзілі на рэпетыцыі, – расказаў старшыня журы, загадчык пастановачнай часткі народнага тэатра «Дом Дыягена» ГДК Міхаіл Стрыжоў.

Без жаданага звання «міс» не засталася ніводная юная прыгажуня. «Міс зачараванне» стала Ліза Хмарук, прыз глядацкіх сімпатый і тытул «Міс артыстычнасць» атрымала Жэня Лук’янчык, «Міс фота» – Арына Хлапянік, «Міс грацыя» – Сафія Івашка. А «Міс Малютка-2019» была прызнана Насця Швайко.

Ірына КУЗЬМІЧ.

Фота СЯргея ВАРАНОВІЧА.