Блізкія падыходы. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў з афіцыйным візітам Аўстрыю

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка  11-12 лістапада наведаў з афіцыйным візітам Аўстрыю. У Вене ў вузкім і пашыраным складах прайшлі перагаворы Кіраўніка беларускай дзяржавы з Федэральным прэзідэнтам Аўстрыі Аляксандрам Ван дэр Беленам.

Лідары краін абмеркавалі прадаўжэнне гандлёва-эканамічнага, інвестыцыйнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, якое ўжо знаходзіцца на даволі высокім узроўні. У цэнтры ўвагі былі і палітычныя пытанні: сітуацыя ў рэгіёне і свеце, узаемадзеянне Беларусі з Еўрасаюзам, у тым ліку ў фармаце «Усходняга партнёрства», тэматыка аховы навакольнага асяроддзя.
Паводле слоў беларускага лідара, праведзеныя перагаворы зноў пра-дэманстравалі, што падыходы краін па асноўных праблемах даволі блізкія. «Нам цікавы аўстрыйскі вопыт у многіх сферах, які цалкам можа быць прыменены ў Беларусі», – сказаў Прэзідэнт.
Беларускі бок высока цэніць намаганні Вены, накіраваныя на навядзенне мастоў паміж асноўнымі геапалітычнымі цэнтрамі, зніжэнне напружанасці ў Еўропе і свеце. Мінск ставіць такія ж мэты ў сваёй знешнепалітычнай дзейнасці.
«Канстатуем, што разам здольны ўнесці важкі ўклад у аднаўленне стабільнасці і ўмацаванне міжнарод-най бяспекі. Беларусь будзе ўдзячна аўстрыйскаму кіраўніцтву за падтрымку нашых ініцыятыў у гэтым напрамку», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў падтрымку Аўстрыяй намаганняў беларускага боку па развіцці адносін з Еўрасаюзам, які з’яўляецца для Беларусі другім па значнасці гандлёвым партнёрам. «А апошнім часам, у тым ліку дзякуючы актыўнай рабоце аўстрыйскага старшынства ў 2018 годзе, ЕС становіцца для нас таксама важкім палітычным і інвестыцыйным партнёрам. Толькі за апошнія два гады аб’ём фінансавай падтрымкі Еўрапейскім інвестыцыйным банкам і Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця праектаў у беларускім дзяржсектары дасягнуў 700 мільёнаў еўра», – сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама правёў перагаворы са старшынёй Нацыянальнага савета Аўстрыі Вольфгангам Саботкам і старшынёй Аўстрыйскай народнай партыі, дэпутатам Нацыянальнага савета Аўстрыі Себасцьянам Курцам.
Прэзідэнт Беларусі прыняў удзел у рабоце аўстрыйска-беларускага бізнес-форуму. У сваім выступленні Кіраўнік дзяржавы агучыў не толькі важныя для бізнесменаў пасылы, але і адкрыта выказаўся па шэрагу злабадзённых сусветных праблем і геапалітычных пытанняў.
У канцы бізнес-форуму быў падпісаны шэраг дакументаў, якія прынясуць у скарбонку двухбаковага тавараабароту больш як $200 мільёнаў.
У Вене ў час афіцыйнага візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы таксама былі падпісаны сумесная дэкларацыя аб умацаванні супрацоўніцтва ў галіне сувязі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і развіцця шырокапалоснай сеткі 5G, пагадненне аб навуковым супрацоўніцтве паміж НАН Беларусі і Аўстрыйскай акадэміяй навук.

БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.