ДП «Нача» . Норма – калі многа корму

Галоўны аграном Леанід Ксёнжык.

Гэта не выпадковасць і ніякае не супадзенне, а прадуманая ледзь ці не за год да часу ікс тактыка. Мэта – пачаць, а па завяршэнні выйграць. Сёлетняя ўборка ў раёне пачалася з «Начы». Прычым, стартавы крок характарызаваўся навізной: у свой час гаспадарка пасеяла і вырасціла свірэпіцу. Іменна з уборкі насення гэтай кармавой культуры пачалася сёлетняя працоўная вахта зернеўборачных камбайнаў. Само насенне – на продаж калегам з раёна. Далей – азімы ячмень, якім, акрамя дзяржпрадпрыемства, у мінулым сельгассезоне займалася яшчэ толькі адна структура раёна.
Напрацаваныя шляхам працяглай і напружанай корманарыхтоўчай кампаніі запасы травяных кармоў гарантуюць начаўскім статкам буйной рагатай жывёлы багацце зімовага кармавога стала. Сена, сянаж, кукурузны сілас – у наяўнасці ўвесь асартымент травяных кармоў. У цэлым у пераразліку на ўмоўную галаву жывёлы атрымліваецца больш за 32 цэнтнеры кармавых адзінак.
Пра кукурузу можна і прадоўжыць: уборку гэтай культуры на зерне «Нача» таксама пачынала ў ліку самых першых у раёне. Але гэта другасны момант, адметным жа з’яўляецца той факт, што па ўраджайнасці кукурузнага зерневага гектара дзяржпрадпрыемства пераўзышло ўсе іншыя сельгаспрадпрыемствы раёна. Ён у іх зарадзіў ледзь ці не на 115 цэнтнераў.
Ва ўмовах калектыўнай гаспадаркі любы поспех – плод калектыўнай працы. Аратыя, сейбіты, «хімікі», машыністы-ўборшчыкі ўраджаю і яго сушыльшчыкі – у кожнага свой каэфіцыент працоўнага ўдзелу. А асноўным каардынатарам, дырыжорам палявога выступлення назавём галоўнага агранома. На гэтай пасадзе ў «Начы» не адзін год Леанід Ксёнжык. Леанід Яўгеньевіч – адзін з лаўрэатаў сёлетняга, ужо блізкага да завяршэння, сельскагаспадарчага сезона.

Іван КАВАЛЕНКА.