Чым багаты, тым і рады. Актыўна развіваецца на Ляхавіччыне фермерская і падсобная гаспадарка

Аляксей Нікіцін і яго сям’я вырошчваюць агародніну.

Актыўна развіваецца на Ляхавіччыне фермерская і падсобная гаспадарка. Вырошчванне бульбы, буракоў, морквы, памідораў, перцаў, яблыкаў, маліны, буякоў, малочная жывёлагадоўля, развядзенне трусоў – няпоўны пералік таго, чым займаюцца прыватнікі.
Усяго ў раёне 19 фермерскіх гаспадарак, якія ўносяць свой уклад у агульнараённы сельскагаспадарчы каравай. 95 працэнтаў аб’ёму вырабленай прадукцыі належыць гаспадаркам «Уладзімір плюс», «ЛагуЦін», «Вялікае Падлессе-агра», «ЖарСк». У кожнага свая спецыфіка, уласны падыход да работы, розныя аб’ёмы выпушчанай прадукцыі і адпрацаваныя рынкі збыту.
Нельга не адзначыць і ўклад іншых фермерскіх гаспадарак, якія не толькі занялі сваю нішу, але вытрымалі канкурэнцыю і стварылі дадатковыя працоўныя месцы.
У нашым раёне ёсць усе ўмовы і для развіцця падсобнай гаспадаркі. Напрыклад, Аляксей Нікіцін займаецца агародніцтвам. Вырашчаныя капуста, морква, памідоры вядомыя сваёй якасцю і смакам. Віталій Стэльмацкі з вёскі Літва аддае перавагу садавіне, агародніне і клубніцам. Сакавітыя ягады прадае не толькі ў Беларусі, але і наладзіў продаж у Расіі.

Галіна КАНЬКО.