ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы». На пашырэнне

Фірменная фішка ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы» – якасць прадукцыі і ўпэўнены курс на развіццё. І гэта не проста прыгожыя словы, а факты.
Пачыналі ў 2016 годзе, калі калектыў налічваў 11 чалавек. Сёння ж мясакамбінат зрабіў многае, каб павялічыць колькасць працоўных месцаў у раёне. Сюды ў будні на працу спяшаюцца 45 работнікаў. Добрыя ўмовы працы, дастойная заработная плата, дружны калектыў і магчымасці для кар’ернага
росту – усё гэта працуе на высокі аўтарытэт прадпрыемства.
Мясакамбінат спецыялізуецца на перапрацоўцы ялавічыны. Сучаснае тэхналагічнае абсталяванне дазваляе зрабіць і захаваць у канчатковым прадукце ўсе лепшыя якасныя характарыстыкі. Для гэтага тут усе ўмовы. Камера ахаладжэння разлічана на 40 тон прадукцыі, камера шокавай замарозкі – на 10 тон, а камеры захоўвання гатовай прадукцыі могуць умясціць каля 60 тон.
ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы» працуе як з мясцовымі сельгаспрадпрыемствамі і прыватнікамі, так і з пастаўшчыкамі з суседніх раёнаў (Ганцавіцкага, Івацэвіцкага, Баранавіцкага, Брэсцкага, Жабінкаўскага). Асноўная частка прадукцыі адпраўляецца на экспарт у Расійскую Федэрацыю.
Спыняцца на дасягнутым адміністрацыя прадпрыемства не збіраецца. Дарэчы, будуецца яшчэ адзін цэх. А значыць, можна меркаваць, што хутка з’явяцца дадатковыя працоўныя месцы.

Маргарыта КУХТА.