ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» . У планах – развіццё

Апаратчык стэрылізацыі кансерваў кансервавага цэха Антаніна Мельнікава.

Гэты год для ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод», напэўна, запомніцца і рамонтам, і пакупкамі, і новай прадукцыяй. Але пра ўсё па парадку.
Нарэшце ўмацавана, уцеплена сховішча для агародніннай сыравіны (работы выкананы за ўласныя сродкі прадпрыемства). Для перавозкі гатовай прадукцыі ў лізінг закуплены два МАЗы. Куды ж без навінак у вытворчасці. Напрыклад, апошнім часам асвоілі выпуск трох відаў соусаў на аснове хрэну.
Каб прыбыткова, з поўнай загрузкай працаваць на працягу года, трэба мець запас сыравіны. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Вашчук расказаў, што заводская падсобная гаспадарка парадавала багатым ураджаем кабачкоў, бульбы, морквы, цыбулі, буракоў, у неабходнай колькасці закупілі капусты, агуркоў.
Пашыраюцца рынкі збыту прадукцыі ляхавіцкага кансервавага завода як у Беларусі, так і за яе межамі.
Сёлета на прадпрыемстве створаны чатыры новыя працоўныя месцы. Цяпер дружная сям’я завадчан – гэта 135 чалавек. Сярэднямесячная заработная плата складае 860 рублёў.
Нямала ў завода планаў на заўтра. Іх можна аб’яднаць адным словам – развівацца: дабудаваць цэхі, механізаваць ручную працу, асабліва на падсобнай гаспадарцы, пашырыць рынкі збыту, выпускаць інавацыйную прадукцыю, павялічваць асартымент. Гэта толькі частка таго, пра што марыць калектыў і кіраўніцтва прадпрыемства.

Галіна КАНЬКО.