Чаму і дзе “тармозіць” тэхагляд

Па стану на пачатак бягучага года толькі 26 працэнтаў зарэгістраваных на тэрыторыі Ляхавіччыны 14645 адзінак аўтамота-транспарту прайшлі дзяржаўны тэхнічны агляд. Пры сярэднеабласных 35 працэнтах, што таксама зусім не бліскуча, наш паказчык з’яўляецца адным з самых нізкіх сярод раёнаў Брэстчыны. Гэтая акалічнасць, а таксама той факт, што з пачаткам цёплага перыяду шчыльнасць аўтамабільнага патоку на дарогах заметна ўзрастае, сталі прычынамі правядзення з 20 па 30 сакавіка на тэрыторыі краіны акцыі “Дзяржтэхагляд”. Падчас яе пад асаблівую ўвагу трапілі аўто, якія не маюць адзнакі аб прахо-джанні ТА. А для транспарту, што выходзіць з зімовай “спячкі”, падобнае – не такая ўжо і рэдкасць.
Па словах начальніка аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Юрыя Малевіча, прыкладна кожны дзесяты аўтамабіль, што трапляе ў поле зроку ДАІ на дарогах раёна, не мае адзнакі аб своечасовым праходжанні дзяржтэхагляду. Такім чынам, з пункту гледжання адпаведнасці тэхнічным нормам і стандартам 90 працэнтаў транспартных сродкаў маюць поўнае законнае права на эксплуатацыю. Таксама не шмат, калі ўлічыць, што яна павінна максімальна набліжацца да абсалюту, аднак, і не 26. Пераважна гэта легкавыя машыны, у значна меншай ступені грузавікі, што належаць грамадзянам. А прыватны “аўтапарк” раёна дастаткова вялікі, складаецца з 6109 адзінак – амаль 42 працэнты ў структуры зарэгістраваных механічных транспартных сродкаў.
Лічба 26 працэнтаў, з якой мы і пачыналі, мае некалькі іншую сістэму каардынат: бярэ адлік ад увогуле зарэгістраванай на тэрыторыі раёна колькасці аўтамабільнага і матацыклетнага транспарту. У разлік не бярэцца, што ці не палова яго не эксплуатуецца ў прынцыпе. Можна сказаць і больш: у многіх выпадках легкавушкі, грузавікі, двухколавыя машыны існуюць у выглядзе… металалому і ў паперах ДАІ. Можна зразумець гаспадароў, якія не імкнуцца аднаўляць і прадстаўляць на тэхагляд такі транспарт. Вельмі часта гэта і ўвогуле немагчыма. Пытанне ў іншым: чаму б ні звярнуцца ў ДАІ для зняцця з уліку ад-служыўшага свой век жалезнага “коніка”? Банальная лянота ў спалучэнні з абыякавасцю з’яўляюцца таму прычынай. Сітуацыя асабліва характэрная ў дачыненні матацыклаў.
У адпаведнасці з данымі ДАІ, на тэрыторыі раёна зарэгістравана 5094 мота-транспартныя адзінкі. На справе ж добра, калі кожны дзесяты з зарэгістраваных працягвае эксплуатавацца. Астатнія разабраны, разукамплектаваны ці проста знаходзяцца ва ўладзе карозіі. Нягледзячы на тое – стаяць на рэгістрацыйным ўліку ДАІ, а ў плане праходжання ТА на іх распаўсюджваюцца тыя ж патрабаванні, што і на рэальна эксплуатуемыя.
Як паведамілі ў ДАІ, зняць з рэгістрацыйнага ўліку матацыкл ці тое, што ад яго засталося, проста. Дастаткова з нумарным знакам і тэхнічным пашпартам на матацыкл (а то і нечым адным у выпадку страты) наведацца ў дзяржаўтаінспекцыю.
Аналогіі прасочваюцца і ў дачыненні ведамаснага мотатранспарту. З 316 “уліковых” адзінак бадай толькі ў СВК “Ляхавіцкі” 22 матацыкламі працягваюць карыстацца, у вызначаныя тэрміны адпраўляюць на дыягностыку.
Ведамасны аўтатранспарт на паперах і той, што задзейнічаны практычна – таксама дзве вялікія розніцы. З 2281 аўтамабіля, што значацца на ўліку, у народнай гаспадарцы занята, па падліках Юрыя Малевіча, не больш за 600. Не ўсе з прадпрыемстваў і арганізацый раёна спяшаюцца зняць з уліку адслужыўшы сваё транспарт.
У тым ліку і абазначаная тэма была прадметам дыялогу на чарговым пася-джэнні раённай камісіі па бяспецы дарожнага руху. Адказным асобам райсельгасхарчу ўказана на неабходнасць паскорыць працэс зняцця з рэгістрацыйнага ўліку транспарту, што не выкарыстоўваецца. Першае паўгоддзе – крайні для таго тэрмін.
Як адзначалася, не асабліва дысцыплінаваныя ў плане праходжання ТА і своечасовасці зняцця з уліку транспарту найбольш геаграфічна аддаленыя ад райцэнтра гаспадаркі. У сувязі з чым чарговае штоквартальнае пасяджэнне камісіі мяркуецца зрабіць выязным, правесці, напрыклад, у Ліпску ці Востраве.
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *