Прычына пажару ў Ляхавіцкім раёне-неасцярожнае абыходжанне з агнём

У мінулыя выхадныя на тэрыторыі раёна адбылося 3 пажары. У адным з іх загінуў чалавек.
17 лістапада на пачатку 7-й гадзіны раніцы на пульт дзяжурнага РАНС паступіла паведамленне пра ўзгаранне жылога дома ў вёсцы Дамашы. Пра здарэнне паведамілі суседзі. Да прыезду пажарных агнём быў знішчаны дах будынка, пашкоджаны сцены і маёмасць. Але самае трагічнае — пад заваламі выратавальнікі знайшлі цела гаспадара 1960 года нараджэння, працаўніка СВК «Жарабковічы». Па папярэдніх даных прычына пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Зараз супрацоўнікі раённага аддзела Следчага камітэта праводзяць праверку па факце.
Дарэчы, загінуўшы грамадзянін неаднойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за незахаванне правіл пажарнай бяспекі. Але вывадаў ніякіх не зрабіў, нават не ўстанавіў аўтаномны пажарны апавяшчальнік, які мог выратаваць яму жыццё.
Вечарам гэтага ж дня пажарныя машыны імчалі па іншым адрасе: гарэў домік у садаводчым таварыстве «Крынічка» (Конькаўскі сельсавет). Агнём знішчаны дах і пашкоджана маёмасць. Як высветлілася, гаспадар дачы апошні раз наведваўся туды сёлетняй вясной.
Калі ў 9 гадзін раніцы ў нядзелю гаспадыня адной з кватэр па вуліцы Южакова ў райцэнтры вярнулася дамоў, то ледзьве не страціла прытомнасць: адзін з пакояў быў задымлены, сцены і нядаўна замененая нацяжная столь сапсаваны. На гэтым свавольства агню, на шчасце, завяршылася. Як аказалася, падчас нядаўніх работ па ўстаноўцы столі (іх, дарэчы, праводзілі спецыялісты) была пашкоджана электраправодка, якая праз нейкі час самавольна загарэлася. Магчыма, гэты прыклад насцярожыць іншых. Перш, чым праводзіць нейкія рамонтна-рэканструкцыйныя работы, трэба пракансультавацца ў спецыялістаў камунгаса ці інспектараў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Валерый РАВІНСКІ,
начальнік РАНС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *