Сэрцам адданыя роднай зямлі. У мінулую пятніцу ў Ляхавічах ушаноўвалі работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу

Заслужаную ўзнагароду намесніку дырэктара ААТ «Жарабковічы» Леаніду Варвашэвічу ўручыў намеснік старшыні аблвыканкама Генадзій Барысюк.

У мінулую пятніцу ў Ляхавічах ушаноўвалі работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.

Свята сапраўдных герояў, і не толькі герояў «веснікаўскіх» публікацый, а ўсіх, хто нястомна шчыруе ў полі, на ферме, мехдвары,
стаіць за канвеерам.

Экспазіцыя сельскагаспадарчай тэхнікі, што размясцілася на галоўнай вуліцы райцэнтра, багатая райпоўская прапанова на плошчы, шыкоўная выстава сельскіх падвор’яў, якія, дарэчы, змагаліся за права назвацца самым гасцінным і смачным – пачатак свята быў суперкласны!
Шчырымі апладысментамі віталі прадстаўнікоў сельскагаспадарчых і перапрацоўчых прадпрыемстваў, дапаможных службаў, будучых аграрыяў з ЛДАКа, школьнікаў, якія атрымліваюць працоўную спецыяльнасць у мясцовым каледжы, на плошчы Леніна, адкуль і стартавала ўрачыстасць.
Музычна-віншавальна-ўзнагароджвальная эстафета прадоўжылася ў гарадскім Доме культуры. Гасцей свята сустракала хлебная інсталяцыя – і якая! Кожная гаспадарка-ўдзельніца імкнулася здзівіць народнае журы. Але ж самымі-самымі аказаліся хлебапёкі з Начы. Яшчэ адна смачная ўзнагарода адправілася на падвор’е Востраўскага сельсавета. Гэтых майстроў прызналі самымі-самымі ў кулінарнай справе: каўбаскі, блінчыкі, грыбочкі, дзеруны, чаго толькі ні было на стале ў вастраўчан. Ветліва-творчы прыём, запамінальная музычная праграма і – перамога гарантавана.

Сям’я Шымкевіч з ААТ «Жарабковічы» –  пераможца конкурсу «ЛВ» «Самая жніўная сям’я».

Колькі цёплых слоў, пажаданняў, віншаванняў гучала ў гэты дзень у адрас аграрыяў і работнікаў перапрацоўчай галіны раёна.
На сцэну запрашалі лепшых з лепшых, тых, хто ў адданасці прафесіі, любві да справы, адказнасці і руплівасці стаў прыкладам для калег.
Сардэчна павіншаваў ляхавіцкіх прафесіяналаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Генадзій Барысюк. Ён гаварыў пра тое, што Брэстчына заўсёды была прыкладам для ўсёй рэспублікі. І многія абласныя брэнды сёння вядомы далёка за межамі краіны. Адзін з іх з мясцовай прапіскай – наш «Ляхавічок».
Сярод узнагарод ёсць і Падзяка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Адрасавана яна аператару па штучным асемяненні СВК «Ляхавіцкі» Івану Патаповічу.
Вынікі ўраджайнага 2019 года падвёў старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, які адзначыў: нам ёсць чым ганарыцца, ёсць куды імкнуцца. Нагода для гонару – ураджай збожжавых, што ў паўтара раза перавысіў мінулагодні.
Прыемна, што сёлета Ляхавіцкі раён прызнаны сярэбраным пераможцам абласнога спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў па вытворчасці насення рапсу.
Аляксандр Віктаравіч павіншаваў усіх, хто мае адносіны да сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, і ўручыў узнагароды пераможцам раённых спаборніцтваў.
Эстафету віншаванняў пераняў старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса. Сардэчныя пажаданні і словы падзякі Леанід Іосіфавіч адрасаваў усім прысутным у зале працаўнікам і тым, хто сёння шчыруе, нягледзячы на свята.
Прафсаюзныя аб’яднанні таксама аддзячылі сваіх актывістаў за штодзённую карпатлівую працу, умацаванне ролі і аўтарытэту прафсаюза.
На прадпрыемствах падчас летніх канікулаў з’яўляюцца вакантныя месцы для часовага ўладкавання навучэнцаў. Студатрады даўно сталі фірменнай фішкай БРСМ, і сёлета іх было створана дзевяць. Першы сакратар райкама БРСМ Марыя Лутавінава перадала падзячныя пісьмы кіраўнікам сельгаспрадпрыемстваў, на базе якіх былі створаны студатрады.
Выклікае захапленне, калі прафесія перадаецца з пакалення ў пакаленне, калі любоў да зямлі выхоўваецца з дзяцінства. Для многіх гэта свята не толькі прафесійнае, яшчэ і сямейнае. Традыцыйны прыз «ЛВ» і званне «самай жніўнай сям’і» – у сям’і Шымкевіч з ААТ «Жарабковічы».
Асобна пра музычна-танцавальна-тэатральнае напаўненне свята. Гэта была феерыя творчасці – здаецца, самадзейныя артысты Ляхавіччыны спявалі гучней, танцавалі спраўней, жартавалі трапней, чым заўсёды, адным словам, стараліся як мага ярчэй і запамінальней павіншаваць людзей самай важнай прафесіі.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.  БОЛЬШ ФОТА ТУТ і ТУТ.