Таццяну Пішч,мастацкага кіраўніка Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры, ведае большасць жыхароў Ляхавіччыны

Яе зычны, але ў той жа час мілагучны голас з асаблівым тэмбрам не зблытаеш ні з чыім іншым. Яе энергіі, ініцыятыўнасці, аптымізму, празе і любові да жыцця і людзей можна па-добраму пазайздросціць і павучыцца. Яе адданасць рабоце, жаданне прыносіць станоўчыя эмоцыі, уменне ствараць вакол сябе атмасферу свята, прыгажосці, радасці — вызначальныя якасці характару і нават, калі хочаце, стыль жыцця. Такая яна ўся — сапраўдная, шчырая, завадная, непрадказальная і вельмі ўлюбёная ў народныя песні, жарты, прыпеўкі і танцы.
Не будзе перабольшваннем сказаць, што гэтую абаяльную жанчыну ведае большасць жыхароў Ляхавіччыны і не толькі. Яна ў ролі Лявоніхі «запальвае» на сцэнічных пляцоўках сталіц рэспубліканскіх, абласных і раённых «Дажынак», на шматлікіх культурных фестывалях, конкурсах, аглядах мастацкай самадзейнасці. Як толькі паспявае ўсё! Стварае новыя вобразы, працуе над рэпертуарам ансамбля песні «Вечарніца» (з’яўляецца яго кіраўніком), не забывае і пра падрастаючае пакаленне, рэпетыруе з юнымі спевакамі новыя музыкальныя і танцавальныя нумары, прыдумвае арыгінальныя сцэнарыі разнастайных праграм, вечарын, дзеліцца вопытам з калегамі і пастаянна самаўдасканальваецца. А яшчэ яна — любячая і любімая жонка, вельмі клапатлівая і адданая матуля, добрая сяброўка і вясёлая суседка, добразычлівая і гасцінная гаспадыня. Што датычыцца апошняга, то дастаткова зірнуць на двор, дзе жыве іх сям’я, — прыгожы і стыльны.
Вось такая яна — наша Лявоніха — мастацкі кіраўнік Навасёлкаўскага сельскага Дома культуры Таццяна Пішч. Культурны гонар і нават твар мастацкай самадзейнасці Ляхавіччыны.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *