Наш гонар і Кніга Пашаны. Брэстчына стала першай, дзе выпушчана ўнікальная Кніга Пашаны. Яе выданне ініцыявала абласная арганізацыя аграпрамысловага саюза

У кнізе ўтрымліваюцца звесткі пра 110 самых перадавых і выніковых работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК за ўсю 80-гадовую гісторыю Брэстчыны. Сярод іх – і тыя, хто не адзін дзясятак гадоў паспяхова ўзначальваў прадпрыемствы і арганізацыі, пад чыім кіраўніцтвам і пры чыім непасрэдным удзеле развівалася і ўдасканальвалася вытворчасць, рос дабрабыт працаўнікоў, выпускалася якасная прадукцыя; і радавыя аграрнай галіны, хто з дня ў дзень шчыраваў на хлебнай ніве, павялічваў надоі і прывагі, завіхаўся на мехдвары.
Пачэсна, ганарова і, канешне ж, прыемна, што ў гэтым шаноўным пераліку і прозвішчы нашых  землякоў-ляхавічан. Герой Сацыялістычнай Працы, былы старшыня калгаса імя Ламаносава Генрых Траццяк, Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, на працягу амаль 30 гадоў старшыня СВК «Ляхавіцкі» Аляксандр Вітко, былыя дырэктары правафланговых перапрацоўчых прадпрыемстваў –  СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаслаў Жукоўскі (быў на чале завода тры дзесяцігоддзі) і ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Леанід Лейчанка (яго дырэктарскі стаж амаль 40 гадоў) – адны з герояў выдання.
Залатымі літарамі ў Кнігу Пашаны занесены і прозвішчы Герояў
Сацыялістычнай працы – трактарыста-машыніста калгаса «Кастрычнік» Віктара Малышкі і звеннявой па вырошчванні льну і цукровых буракоў калгаса імя Ламаносава Вольгі Мацюшка. Побач з іншымі героямі – і Антаніна Прытульчык, якая цяпер жыве на Ляхавіччыне.
Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК у Пружанскім раёне на базе ААТ «Жураўлінае» на ўрачыстым мерапрыемстве, арганізаваным Брэсцкім абласным аграпрамысловым саюзам, абкамам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК, ушаноўвалі тых, хто сваёй бездакорнай добрасумленнай працай, кіраўніцкімі якасцямі падымаў на новы ўзровень аграрную і перапрацоўчую галіны. Словы ўдзячнасці ў адрас герояў-працаўнікоў прагучалі ад выканаўчага дырэктара абласнога аграпрамысловага саюза Сяргея Ашмянцава і старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама Сяргея Барташа.
Сяргей Ашмянцаў адзначыў, што ў галерэі знакамітыя прозвішчы Герояў Сацыялістычнай працы, поўных кавалераў ордэна Працоўнай Славы, асобы, якія ўзнагароджаны ордэнам Айчыны, удастоеныя звання «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі», а таксама тыя, хто ў перыяд суверэннай Беларусі сваёй працай праслаўлялі Брэстчыну.
Дырэктар ДП «Нача» старшыня раённага аграпрамысловага саюза Мікалай Тарлюк расказаў, што кульмінацыйным момантам свята стала прэзентацыя Кнігі Пашаны. Дарэчы, апошняя яе старонка пакуль не напісана: выданне застаецца адкрытым для новых герояў, тых, хто з’яўляецца прыкладам для пераймання вопыту, адносін да справы і людзей, для пакаленняў маладых. А прозвішчы тых, пра каго напісана кніга, – гонар Брэстчыны, гонар краіны.
Ва ўрачыстай абстаноўцы ўсім, хто занесены ў эксклюзіўнае выданне, уручаны памятныя знакі «Ганаровы работнік аграпрамысловага  комплексу Брэсцкай вобласці» і копія Кнігі Пашаны.

Галіна КАНЬКО.