Лазневы дзень. На парадку дня чарговай апаратнай нарады ў Ляхавіцкім райвыканкаме значылася пытанне аб выкананні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства

На парадку дня чарговай апаратнай нарады ў райвыканкаме значылася пытанне аб выкананні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства пры аказанні лазневых паслуг насельніцтву.

Свайго роду кантрольная работа па выніках зробленага за перыяд з 8 ліпеня, калі падобная тэма разглядалася ў такім жа фармаце. Былі пастаўлены задачы, якія, як адзначалася ў мінулы панядзелак, вырашаны не ў поўнай меры. Гутарка аб чатырох камунальных лазнях, размешчаных у аграгарадках Падлессе, Ліпск, вёсцы Крывошын, а таксама ляхавіцкай гарадской.
Як прагучала, «запратаколеныя» па выніках ліпеньскай апаратнай нарады заўвагі ў адрас падлескай лазні выпраўлены: праведзены рамонт будынка, добраўпарадкавана тэрыторыя вакол аб’екта. У гарадской лазні і вакол яе за апошні час зроблена нямала. Куды больш прывабным стаў знешні выгляд будынка, аптымізавана і атрымала дадатковы сэрвіс-функцыянал сумежная тэрыторыя. Напрыклад, для адпачынку наведвальнікаў устаноўлена лаўка, побач – рама для паркоўкі веласіпедаў. Да непазнавальнасці змяніліся фае, асартымент спадарожных тавараў, якія тут прапануюцца і карыстаюцца попытам. Работы на гэтым аб’екце працягваюцца. Што да «гандлю парай», то са сваёй галоўнай функцыяй лазня спраўляецца. За што рублём (а наведвальніку білет абыходзіцца ў 4,2 рубля) галасуюць і аматары пары з Баранавіч.
Заўвагі, адлюстраваныя ў пратаколе апаратнай нарады ад
8 ліпеня ў адрас аб’ектаў, размешчаных у Ліпску і Крывошыне, пакуль не выпраўлены. Неабходна сказаць, што паслугамі размешчаных у сельскай мясцовасці лазняў карыстаюцца вельмі нямногія грамадзяне – добра, калі да дзясятка за лазневы дзень.

Іван КАВАЛЕНКА.