Перадвыбарнай агітацыі дадзены старт

У мінулы чацвер раённая выбарчая камісія правяла чарговае пасяджэнне, на якім разгледзела пытанне аб рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў. Гэтую працэдуру паспяхова прайшлі ўсе прэтэндэнты, хто своечасова падаў у камісію заяву і неабходны пакет дакументаў. Такім чынам, па 38 выбарчых акругах, утвораных у нашым раёне, зарэгістравана 42 кандыдаты ў дэпутаты райсавета: у 34 акругах выбаршчыкі будуць вырашаць, аддаць галасы за ці супраць аднаго кандыдата, а ў 4-х ім давядзецца вызначацца паміж 2 прэтэндэнтамі на дэпутацкі мандат.
За плячамі засталіся надзвычай важныя этапы перадвыбарнай кампаніі. Але наперадзе – не менш адказныя і напружаныя. Уручыўшы пасведчанні аб рэгістрацыі, старшыня раённай выбарчай камісіі Мікалай Юруць нагадаў кандыдатам, што з гэтага моманту яны маюць поўнае права на актыўную перадвыбарную агітацыю. У яе межах кандыдаты ў дэпутаты райсавета могуць скарыстацца бюджэтнай падтрымкай (яна прадугледжвае выдзяленне на выраб агітацыйных плакатаў сумы ў памеры 4 базавых велічынь). Усім кандыдатам, акрамя таго, даецца права на 5-хвіліннае выступленне па мясцовым радыё. На пасяджэнні раённай выбарчай камісіі была праведзена жараб’ёўка часу выступлення. А вось скарыстацца такой магчымасцю ці не – вырашае сам кандыдат.
Размова ішла і пра іншыя спосабы і месцы вядзення агітацыі, у тым ліку яна закранула абавязкі кандыдатаў па захаванні выбарчага заканадаўства.
Варта нагадаць, што сёлета выбары пройдуць па новых правілах. У Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь былі ўнесены змяненні, што прадугледжваюць адмену парога яўкі выбаршчыкаў на выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэта азначае, што выбары адбудуцца пры любой колькасці прагаласаваўшых. Разам з тым Мікалай Юруць падкрэсліў: “Яўка выбаршчыкаў – паказчык грамадзянскай сталасці, зацікаўленасці. І мы спадзяёмся, што яна будзе актыўнай, як заўсёды.”
Мікалай Юруць ад імя выбарчай камісіі павіншаваў кандыдатаў з рэгістрацыяй і пажадаў паспяхова прайсці далейшыя этапы выбарчай кампаніі.
Святлана БЕЛЬМАЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *