У прыярытэце – дзейсны клопат. Першая справаздачна-выбарная канферэнцыя Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў праходзіла ў пашыраным фармаце

Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк (у цэнтры), старшыні пярвічак прафсаюзнай арганізацыі райпо Уладзімір Грыгаровіч, райбальніцы – Сяргей Памазанскі, райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Бялецкая.

Першая справаздачна-выбарная канферэнцыя Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў праходзіла ў пашыраным фармаце – з   удзелам шматлікіх дэлегатаў з пярвічак прадпрыемстваў і арганізацый рознай формы ўласнасці. З дакладам аб рабоце за пяць гадоў існавання структуры выступіла прафсаюзны лідар Ляхавіччыны Тамара Пракап’юк. Яна нагадала, што ў складзе раённага аб’яднання – 78 пярвічак, 7982 члены прафсаюза. Самае шматлікае прадстаўніцтва – у прафсаюзнай арганізацыі аграпрамысловага комплексу – амаль 3000 чалавек. 1644 чалавекі аб’яднаў прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, 713 – работнікаў устаноў аховы здароўя.
Тамара Пракап’юк падкрэсліла, што ўся работа аб’яднання накіравана на абарону правоў чалавека, забеспячэнне сацыяльных
гарантый, стварэнне ўмоў для бяспечнай працы і актыўнага адпачынку. Адзначана, што найбольш выні-кова і паслядоўна вядуць работу прафкамы СШ № 1, гімназіі, СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», ТАА «Трансэлектракамплект», УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ», КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і інш. Сярод самых энергічных, мэтанакіраваных і прынцыповых старшынь прафсаюзных арганізацый – Святлана Бялецкая, Таццяна Абражэвіч, Вольга Анікей, Іна Смаршчок, Анжэла Буіклы, Валянціна Смаршчок, Людміла Мікуліч, Іна Юковіч, Ірына Чура.
Надзённае пытанне – стварэнне новых пярвічак і пашырэнне прафсаюзнага членства. За пяць гадоў у раёне створана шэсць прафсаюзных пярвічак, чатыры з іх – сёлета. Разам з тым, яшчэ ў
13 арганізацыях прафсаюзныя ячэйкі адсутнічаюць – ёсць дзе разгарнуцца актыву раённага аб’яднання.
Сярод актуальных тэм – сацыяльнае партнёрства. Для забеспячэння больш эфектыўнага ўзаемадзеяння сацыяльных партнёраў дзейнічае раённае трохбаковае пагадненне паміж райвыканкамам, раённым аб’яднаннем прафсаюзаў і раённым аб’яднаннем наймальнікаў. Таксама створаны і дзейнічае раённы савет па працоўных і сацыяльных пытаннях: праведзена 17 пасяджэнняў, разгледжана 45 заяў, што датычылі стану аховы працы, прафілактыкі вытворчага траўматызму, своечасовасці выплаты заработнай платы, забеспячэння эфектыўнасці занятасці насельніцтва, росту рэальных грашовых даходаў жыхароў раёна і інш.
На пастаянным кантролі прафсаюзаў і дзейснасць калектыўных дагавораў, якіх ва ўстановах, арганізацыях і на прадпрыемствах Ляхавіччыны заключана 75. Застаецца адкрытым пытанне заключэння калдагавораў у ЗАТ «Белпрампрыбор» і ЗТАА «БелДан». Найбольш высокі ўзровень сацыяльнай абароны вызначаны ў калектыўных дагаворах камунгаса, ПМС, лясгаса, ААТ «Жарабковічы».
Важным складнікам у рабоце ўсіх прафсаюзных арганізацый з’яўляецца разгляд зваротаў і прыём грамадзян. За справаздачны перыяд разгледжаны 52 вусныя звароты. Іх тэматыка разнастайная: аплата працы, кантрактная форма найму, працаўладкаванне, прадастаўленне водпускаў. Прававыя інспектары Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі выязджаюць у раёны для аказання бясплатнай юрыдычнай дапамогі грамадзянам. Усяго за пяць гадоў на Ляхавіччыне праведзена 43 прыёмы, за дапамогай і кансультацыяй звярнуліся 112 землякоў.
Таксама Тамара Пракап’юк закранула тэмы аховы працы, работы з ветэранамі і моладдзю, маніторынгу цэн, інфармацыйнай работы, правядзення культурна-масавых і спартыўных мерапрыемстваў, шматлікіх акцый, адна з якіх «Прафсаюзы – дзецям», пачнецца ў снежні.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, якая прыняла ўдзел у рабоце канферэнцыі, заклікала прафсаюзных лідараў, акрамя клопату пра цяперашніх работнікаў, не забываць пра ветэранаў працы.
Пра прафсаюзнае жыццё, вызначальныя справы гаварылі прадстаўнікі пярвічак. Сацыяльнае партнёрства – аснова выступлення старшыні пярвічкі камунгаса Іны Смаршчок. Прафсаюзны актывіст ЛДАКа Максім Фёдараў расказаў пра ініцыятыўных, творчых каляджан, пра іх добрыя і карысныя справы. Таццяна Абражэвіч узгадала асноўныя накірункі работы прафсаюза і наймальніка па пытаннях аховы працы ў СШ № 1. У сваім выступленні старшыня пярвічкі Ляхавіцкай СДЮШАР Вольга Курловіч акцэнтавала ўвагу на арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці ў раёне.
Работа савета Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў за перыяд з 1 студзеня 2015 года па 1 лістапада 2019 года прызнана здавальняючай. Старшынёй раённага аб’яднання прафсаюзаў на бліжэйшую пяцігодку пераабрана Тамара Пракап’юк.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.