У СДЮШАР Ляхавіцкага раёна прайшоў адкрыты турнір па дзюдо памяці Сяргея Свянтэцкага /фота дапоўнена/

Сёння  ў СДЮШАР раёна стартаваў адкрыты турнір па дзюдо памяці Сяргея Свянтэцкага – ураджэнца вёскі Крывошын, які геройскі загінуў падчас праходжання тэрміновай службы ва Унутраных войсках МУС Рэспублікі Беларусь.
Афіцыйным стартам, пралогам да двух дзён спаборніцтваў стала цырымонія адкрыцця, удзел у якой прынялі маці героя, прадстаўнікі воінскай часці, раённай улады.
У сваім цяперашнім фармаце турнір праходзіць трэці раз, збіраючы на татамі ўсё новыя гарады-каманды. Вялікія цэнтры дзюдо краіны – Мінск, Брэст, Баранавічы – традыцыйна выступаюць у Ляхавічах не адным складам удзельнікаў. Сярод апошніх таксама – дзюдаісты з Гродна, Ліды, Нясвіжа, Клецка, шэрага гарадоў Брэстчыны.
Гаспадары арэны «выставілі» на татамі больш за 70 спартсменаў узростам ад 9 да 16 гадоў. Як расказаў трэнер-выкладчык СДЮШАР Віктар Богуш, для асобных з дзюдаістаў-ляхавічан сёлетні турнір стане ўжо трэцім, ёсць і дэбютанты. Нашы землякі «закрываюць» усе вагавыя і ўзроставыя катэгорыі турніру. Без медальнага звону дамашняга спаборніцтва гарантавана не абыдзецца.
Падрабязнасці – у адным з бліжэйшых нумароў «ЛВ».

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.