Хто на свеце за ўсіх дабрэйшы. Шасцёрка лепшых сацработнікаў Ляхавіцкага раёна змагалася за перамогу ў конкурсе прафесійнага майстэрства

Дапамагаць і падтрымліваць, суперажываць і спагадаць, аберагаць і клапаціцца. А яшчэ быць шчырым, добразычлівым, лёгкім на пад’ём, майстрам на ўсе рукі… Усё гэта – сутнасць прафесіі «сацыяльны работнік».

У мінулую пятніцу шасцёрка лепшых сацработнікаў раёна змагаліся за перамогу ў конкурсе прафесійнага майстэрства.
Удзельнікаў і гледачоў гасцінна сустракалі ў аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. У кожнай прэтэндэнткі на перамогу свой шлях у прафесію, стаж у ёй і дружная група падтрымкі. Першы іспыт «Маё прызванне – дапамагаць людзям» можна лічыць своеасаблівай візітоўкай. І вось, што расказалі ўдзельніцы.

Аксана СКУБЯТА:
– У мяне і маіх калег важкая, важная і адказная місія – клапаціцца пра людзей сталага ўзросту.Здавалася, нічога надзвычайнага: купіць пра-дукты, лякарствы, заплаціць за камунальныя паслугі, прыбрацца ў хаце. А для нашых падапечных – гэта значна і неабходна.

Галіна ЛАМАНОС:
– Працую сацыяльным работнікам у аграгарадку Востраў. У прафесіі ўжо 14 гадоў. Цяпер на маім абслугоўванні сямёра чалавек. Самае галоўнае – адносіцца да сваіх падапечных з міласэрнасцю, разуменнем і ўвагай.

Ірына КАСАБУЦКАЯ:
– Наша работа не вельмі прыкметная, але, лічу, вельмі неабходная, бо мы дапамагаем людзям не толькі фізічна, але і падбадзёрваем, падтрымліваем, не пакідаем у адзіноце, шануем і радуем іх.

Святлана КУРЛОВІЧ:
– Сэрца сацыяльнага работніка павінна быць вялікім і заўжды адкрытым, рукі – залатымі, каб справіцца з любой работай. Мы і псіхолагі, бо дапамагаем не сумаваць, і медыкі – ціск памераем, за лякарства-мі ў аптэку сходзім, і настаўнікі – вучым, і нават юрысты – дапамагаем разабрацца ў разнастайных прававых пытаннях. А яшчэ будаўнікі – наводзім парадак у двары і доме. Адным словам – універсалы.

Ганна САСІМ:
– Жыву ў вёсцы Кавалі, там жа і працую. Таму са сваімі бабулямі-дзядулямі мы аднавяскоўцы. У сацыяльнай сферы я толькі два гады, але ўсвядоміла адразу: без цярпення, разумення, паважлівых адносін у нашай прафесіі не абысціся.

Алена ГРЫЦУК:
– Кожная прафесія неабходная, наша – асабліва. Пажылому, адзінокаму чалавеку не толькі цяжка справіцца з хатнімі справамі, яму яшчэ сумна і нават няёмка, што ён па волі лёсу адзінокі. І як жа свецяцца ад радасці яго вочы, калі ў хаце парадак. А на сэрцы лёгка і добра, бо з ім проста пагаварылі, выслухалі. Гэта для мяне і ёсць прафесійны гонар.

Пасля першага конкурсу стала зразумела: журы давядзецца цяжка. Дырэктар тэрыта- рыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Таццяна Равінская хоць і пажадала ўдзельніцам не хвалявацца, сама, як і іншыя суддзі, за іх вельмі перажывала.
Што ні выпрабаванне – мора эмоцый ад удзельніц, балельшчыкаў, журы. Трэба было бачыць, на якія толькі выдумкі не ішлі канкурсанткі, каб паказаць мімікай, рухамі значэнне таго або іншага слова падчас этапу «Зразумей мяне».
У конкурсе «Прафесіяналы сваёй справы» неабходна было прапанаваць выхад з сітуацыі, іншы раз не зусім стандартнай. Кожная сітуацыя – міні-спектакль, дзе, акрамя канкурсантак, з галоўнымі ролямі на ўра справіліся ўдзельніцы клуба «Залаты ўзрост» – супер-пенсіянеркі і крэа-тыўныя самадзейныя артысты. Яны, дарэчы, выступалі і з сольнымі нумарамі, і ў складзе міні-ансамбляў.
Завяршальны творчы этап пацвердзіў: сацыяльныя работнікі – таленавітыя людзі! Святлана Курловіч і Ірына Касабуцкая – цудоўныя дэкламатары, Алена Грыцук і Ганна Сасім – выдатныя спявачкі, Аксана Скубята – арыгінальны артыст размоўнага жанру, сцэнка з удзелам Галіны Ламанос выклікала бурныя эмоцыі і апладысменты гледачоў.
Старшыня журы начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень падкрэсліла не толькі высокі ўзровень падрыхтоўкі конкурсу, але і сказала нямала цёплых слоў пра ўдзельніц. Лепшым сацыяльным работнікам па агульнай колькасці балаў прызнана Ганна Сасім. Але без падарункаў, кветак не засталася ні адна з удзельніц. Спонсарамі мерапрыемства выступілі раённыя арганізацыі «Белай Русі» і таварыства Чырвонага Крыжа.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА. БОЛЬШ КАДРАЎ  у  ФОТАРЭПАРТАЖЫ на сайце «ЛВ«