Нам заданне. У кампаніі па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў выкарыстаны не ўсе рэсурсы

Адсюль усім заданне – уключыцца на новым узроўні актыўнасці і калі не палепшыць, то не дапусціць пагаршэння экалогіі, атрымаць эканамічны бонус. Гэта задача вырашаецца метадам ашчаднага падыходу ў абарачэнні з прадметамі другаснага ўжытку – тым, што паслужыла ўжо чалавеку, але далёка не адслужыла свой рэсурсны патэнцыял. Папера і кардон, шкловырабы, пластыкавая тара – ці ўсё са згаданага вы адпраўляеце па адрасе? Апошні вядомы і буйнымі літарамі «крычыць» пра сябе з кожнай пляцоўкі для збору другматэрыялаў. Гэта свайго роду кропка адліку, дзе «запускаецца» працэс па наданні адслужыўшаму вырабу другога жыцця. Паступаць інакш азначае «мінусаваць» экалогію, паколькі прырода не навучылася самастойна ўтылізаваць пластык.
У лічбах заданне раёну па зборы і нарыхтоўцы другасных матэрыялаў выглядае наступным чынам. На працягу года раёну належыць сабраць 30 тон адпрацаванага маторнага масла, 40 – адходаў бытавой тэхнікі, 110 – зношаных шын, 100 – адходаў поліэтылену, 500 – шклоадходаў і 650 тон макулатуры. Апошнія дзве пазіцыі маюць асаблівую вагу і значнасць, паколькі на нарыхтоўку гэтых відаў адходаў атрыманы дзяржзаказ у памеры па 350 тон першага і другога.
Да 22 снежня на Ляхавіччыне будзе працягвацца месячнік па зборы другрэсурсаў. Мэты зразумелыя: засяродзіць увагу на важнасці моманту, падштурхнуць арганізацыі і кожнага з нас праявіць разуменне і ўключыць максімальную актыўнасць, сабрацца і сабраць неабходную колькасць другасных адходаў. Ход і тэмпы нарыхтоўкі апошніх будуць разгледжаны на бліжэйшай апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Канчатковая ж ацэнка рабоце ў гэтым накірунку юрыдычных асоб і выніковасці намаганняў тэрытарыяльных аператараў будзе выстаўлена на пачатку новага года. Але ўжо зараз відавочным з’яўляецца факт, што сёлета гэта работа выконваецца з большым, чым летась, поспехам.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.