Першы лёд – яшчэ не лёд

Асвод напамінае: першы  лёд, які пачаў ужо з’яўляцца на вадаёмах, нетрывалы! Каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, неабходна памятаць і выконваць правілы і захоўваць элементарную асцярожнасць перш, чым выйсці на лёд.
Выхад на лёд забараняецца да наступлення ўстойлівых маразоў і дасягнення таўшчыні лёду  7 сантыметраў, а таксама ў перыяд інтэнсіўнага расставання і разбурэння лёду.
Не выходзьце на лёд у цёмны час сутак. Не правярайце трываласць лёду ўдарам нагі.
Пры пераходзе вадаёма групай захоўвайце адлегласць адзін ад аднаго 5-6 метраў.
Катацца на каньках дазваляецца толькі на спецыяльна ўладкаваных катках.
Падчас падлёднай рыбалкі не прабівайце шмат лунак на блізкай адлегласці, не збірайцеся вялікімі групамі, небяспечна бегаць і скакаць па лёдзе.
Кожнаму рыбалову рэкамендуецца мець з сабой выратавальную камізэльку і лінь (вяроўку даўжынёй 15-20 метраў з пятлёй на адным канцы і грузам 400-500 грамаў на другім).
Пасля рыбалкі лункі неабходна абазначыць.
Будзьце асцярожныя – лёд нясе небяспеку! Не рызыкуйце, памятайце, вас чакаюць дома!

ФАКТ

Штогод зімой пры лоўлі рыбы ў Брэсцкай вобласці тоне да 20 чалавек, большасць з якіх – у стане алкагольнага ап’янення.

Віктар ПРЫХАЧ,
старшыня раённага савета Асвода.