У інтарэсах грамадства і дзяржавы

У Беларусі сфарміраваны па-сапраўднаму працаздольны прадстаўнічы і заканадаўчы орган, адзначыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка  ў звароце да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу шостага і сёмага скліканняў.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што кожнае новае  скліканне народнага прадстаўніцтва характарызавалася паслядоўным і адказным рухам па шляху прагрэсіўных пераўтварэнняў. «Дзякуючы Нацыянальнаму сходу ў нашай дзяржаве практычна з нуля створана ўся сістэма заканадаўства, а гэта значна складаней, чым пабудаваць завод. Для вырашэння новых стратэгічных задач, якія стаяць перад краінай, дэпутаты не проста карэкціравалі ўстарэлыя правілы і нормы савецкага часу, але ў цэлым запаўнялі прававы вакуум», – канстатаваў Прэзідэнт.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, пры ўдзеле Парламента былі закладзены дэмакратычныя асновы беларускай дзяржаўнасці і грамадзянскай супольнасці ў законах, якія рэгулююць дзейнасць асноўных палітычных інстытутаў краіны.
Парламентарыі зацвердзілі праграмныя дакументы: Асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі і Ваенную дактрыну.
«Новыя кодэксы, якія прымаюцца ў Авальнай зале Парламента, развівалі асноўныя канстытуцыйныя правы грамадзян. Быў прыняты шэраг важных законаў, нацэленых на вырашэнне пытанняў пераводу эканомікі на сучасныя (іх называюць рыначнымі) механізмы. У сферы пастаяннай увагі парламентарыяў знаходзілася сацыяльная накіраванасць рэспубліканскага бюджэту і штогадовых законаў аб яго выканан-ні», – адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на важную ролю ў павышэнні якасці жыцця грамадзян, якую адыграла прыняцце законаў, накіраваных на ўвядзенне мінімальных сацыяльных стандартаў, вырашэнне дэмаграфічных і экалагічных праблем, пераадоленне наступстваў чарнобыльскай катастрофы.
«Прыняты дэпутацкім корпусам закон аб міжнародных дагаворах не толькі забяспечыў пашырэнне нацыянальных інтарэсаў на міжнароднай арэне, але і стварыў умовы для абароны правоў беларускіх грамадзян за межамі краіны», – падкрэсліў Прэзідэнт.
За час сваёй дзейнасці беларускі Парламент прыняў больш за 2 тысячы законаў, з якіх амаль 300 – вынік працы дэпутацкага корпуса, які завяршае сваю работу. Кіраўнік дзяржавы перакананы, што ў многім дзякуючы дзейнасці дэпутатаў і сенатараў беларускі Парламент стаў вядомым і мае аўтарытэт.

«Сёння ўсе разумеюць, што залог паспяховага развіцця краіны – гэта перш за ўсё палітычная стабільнасць і зладжаная работа ўсіх галін улады: Парламента, урада і судоў. Дзе яе няма, там няма ні міру, ні згоды, ні эканомікі, ні дабрабыту», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

«Усе дасягненні і высокія вынікі дзейнасці дэпутацкага корпуса сталі магчымы перш за ўсё дзякуючы адсутнасці палітычных рознагалоссяў і настроенасці парламентарыяў на канструктыўнае супрацоўніцтва з іншымі галінамі ўлады, – падкрэсліў Прэзідэнт. – Нацыянальны сход заўсёды выбудоўваў сваю работу такім чынам, што прымаемыя законапраекты сапраўды адпавядалі інтарэсам грамадства і дзяржавы».
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што новы Парламент павінен стаць цэнтрам прагрэсіўнай заканатворчасці, і дадаў, што ў бліжэйшы час дэпутатам і сенатарам трэба будзе разам вырашаць важнейшыя і актуальныя пытанні, якія хвалююць грамадства, а значыць, з’яўляюцца прыярытэтнымі мэтамі дзяржаўнай палітыкі.

Па матэрыялах БЕЛТА.