Шчасце пад абаронай. 7 снежня прафесійнае свята адзначаюць страхавыя работнікі

Страхавы агент  Аляксандр Церах

Ад нечаканых і надзвычайных абставін можна застрахавацца – «падсаладзіць» і змякчыць тую ці іншую непрыемную сітуацыю. Белдзяржстрах прадугледзеў самыя розныя жыццёвыя выпадкі, калі такая падтрымка можа спатрэбіцца: страхаванне жыцця і здароўя, прадпрымальніцкіх рызык, медыцынскае, транспартнае, маёмаснае, страхавыя паслугі для юрыдычных асоб.
Поліс гарантуе спакой, а супрацоўнікі кампаніі – якаснае абслугоўванне і своечасовыя выплаты па страхавых выпадках. Так, напрыклад, з пачатку года прадстаўніцтва Белдзяржстраха па Ляхавіцкім раёне зрабіла больш за 400 выплат насельніцтву па дагаворах добраахвотнага страхавання, каля сотні па дагаворах абавязковага страхавання будынкаў і г. д.
На варце інтарэсаў кліентаў у раёне  22 работнікі сістэмы, для якіх дэвіз кампаніі «Аберагаем шчасце» – галоўнае правіла ў дзейнасці.
Дзесяцігоддзе на чале калектыву Іна Шугаева – эканаміст па адукацыі, які выдатна ведае патрабаванні рынку і валодае сакрэтамі стабільнага поспеху.
Стаж вядучага спецыяліста Марыі Клапаток, якая адказвае за страхаванне юрыдычных асоб, складае чатыры дзесяцігоддзі. У яе працоўнай кніжцы два запісы, адзін з іх датычыць сістэмы Белдзяржстраха. Усіх сваіх кліентаў Марыя Клапаток ведае па імёнах. Больш за дзесяцігоддзе ў прафесіі Аляксандр Азімка, у рабоце якога дакладнасць і веданне заканадаўчых актаў – аснова. Адказныя і вопытныя работнікі вядучыя спецыялісты Таццяна Васілеўская і Іна Юковіч, галоўны бухгалтар Таццяна Янковіч. Іна Юковіч узначальвае прафсаюзную пярвічку, стараецца разнастаіць вольны час калег, якія з задавальненнем выязджаюць на экскурсіі, спаборнічаюць у турыстычных злётах.
За актыўны ўдзел у прафсаюзным жыцці раёна, ініцыятыўнасць лідар белдзяржстрахаўскай прафсаюзнай пярвічкі ўзнагароджана граматай раённага аб’яднання прафсаюзаў.
Сярод 13 страхавых агентаў адзіны прадстаўнік моцнай паловы – Аляксандр Церах (на здымку). Зона яго адказнасці – Альхоўскі сельсавет і вёскі Залужжа, Нівішча, Падбарочча Ганчароўскага сельсавета. За 15 гадоў ён стаў сапраўдным экспертам па страхавых паслугах.
Асобна хочацца сказаць пра Тамару Алексіч. Вопытны і нераўнадушны спецыяліст адданай 20-гадовай працай заслужыла павагу і калег, і кліентаў. Камунікабельнасць і працавітасць адрозніваюць страхавых агентаў Іанэсу Татарыновіч, Валянціну Паляшчук, Алену Грыгарук. Святлана Кабяшова ў калектыве нядаўна, але сваёй добрасумленнай працай заслужыла падзяку абласнога філіяла Белдзяржстраха.
У арсенале прадстаўніцтва больш за 100 варыянтаў страхавых паслуг па
84 відах добраахвотнага і абавязковага страхавання. І гэта не мяжа. Белдзяржстрах эканоміць час сваіх кліентаў і прапануе застрахаваць маёмасць і грамадзянскую адказнасць, не выходзячы з дома – на афіцыйным сайце і прычым з 10-працэнтнай скідкай. Акцыя працягнецца да 31 мая 2020 года.
Жадаеце пачынаць дзень спакойна? Аформіце страхавы поліс!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.