Каму перашкаджае прыгажосць? Адныя ствараюць, а іншыя ламаюць

Адныя ствараюць, а іншыя ламаюць зробленае кімсьці ад душы і з любоўю. Пагадзіцеся, у такой сітуацыі нават у самага вытрыманага могуць апусціцца рукі… Летась камунальнікі зрабілі для сваіх землякоў яркія аркі каля гарадскога фантана. А ў мінулую пятніцу на адной з іх невядомы (хочацца спадзявацца – пакуль) вырваў, як кажуць, з коранем, святочную гірлянду. Камунальнікі звярнуліся ў міліцыю, і зараз гэтай справай займаюцца праваахоўнікі.
Колькі зручнасцяў і дызайнерскіх прыдумак увасобілі на вуліцах райцэнтра работнікі камунгаса толькі апошнім часам: літары з прызнаннем у любві гораду, фантан на Ведзьме, wi-fi-лавачкі, макеты фігур дзяцей ля пешаходных пераходаў, станцыі падкачкі колаў і многае іншае. Практычна кожны гэты аб’ект камунальнікі зрабілі ўласнаручна і практычна ўсе – за сродкі прадпрыемства.
У камунгасе са шкадаваннем зазначаюць: па пальцах можна пералічыць тыя навінкі, якія не пацярпелі ад нападкаў вандалаў. Пабітыя плафоны свяцільняў, вынесеныя лаўкі з парку, украдзеныя пластмасавыя скрыні для пяску, зламаныя макеты пешахо- даў – гэтыя і некаторыя іншыя непрыглядныя справы зрабілі тыя, хто таксама ходзіць па вуліцах нашага горада. Знайсці апраўданне для такіх учынкаў не атрымліваецца, ды і не хочацца. Затое вельмі многім хочацца, каб дзікуноў і вандалаў сярод нас было як мага менш.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.