«Разам мы зможам больш» Пад такой назвай 12 снежня ў Ляхавічах прайшоў раённы інклюзіўны фестываль

Для творчасці няма ніякіх абмежаванняў. Гэта на сваім прыкладзе дэманструюць удзельнікі першага раённага творчага інклюзіўнага фестывалю «Разам мы зможам больш», які прайшоў 12 снежня ў гарадскім Доме культуры і быў прымеркаваны да Міжнароднага дня інвалідаў.

Інклюзіўны фестываль – гэта яшчэ адна магчымасць звярнуць увагу на людзей, якія маюць праблемы са здароўем, якім патрэбна асаблівая дапамога і падтрымка.

У госці да нас прыехалі хлопчыкі і дзяўчынкі з Кобрынскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната, каб падзяліцца добрым настроем, творчасцю і натхненнем.

Да ўдзельнікаў фестывалю звярнулася дырэктар Брэсцкага абласнога цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна Жук. Яна пажадала ўсім поспеху і адзначыла, што за кожным творчым выступленнем стаіць велізарная праца як дзяцей, так і выкладчыкаў.

Дзеці з асаблівасцямі развіцця разам з навучэн-цамі школы мастацтваў і цэнтра дадатковай адукацыі падрыхтавалі сумесныя нумары. Кожнае выступленне зала сустракала авацыямі.

Праграма была насычаная і цікавая. Танцавальнай кампазіцыяй «Мы дзеці галактыкі» адкрылі фестываль наведвальнікі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Ляхавіцкага раёна і выхаванцы харэаграфічнага аддзялення ДШМ. Песня «Маленькія зоркі» ў выкананні Дар’і Тарлюк, Паліны Шалік, Ганны Адаська, Анастасіі Швайко з СШ № 1 не пакінулі нікога абыякавым. Сямён Тумараў, падапечны ТЦСАН, сабраў пазл «Тэрапія для душы» з выявай Ляхавіцкага раёна. Дар’я Тупальская выразна прачытала верш.

Сюрпрыз для прысутных падрыхтавалі рабяты з Кобрына. Яшчэ адным прыемным момантам фестывалю сталі падарункі, уручаныя дзецям начальнікам аддзела па адукацыі райвыканкама Святланай Якубоўскай. Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Святлана Галееўская вітала прызёраў і пераможцаў выставы-конкурсу дэкаратыўна-прыкладной творчасці «Мой асаблівы свет». Маленькія таленты атрымалі граматы і прызы.

Госці фестывалю падпявалі, падтрымлівалі рабят і ў зале, і на сцэне.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.