Прад’явіце ваш… апавяшчальнік. Прафілактычную работу на Ляхавіччыне вядуць 9 назіральных камісій

У сезон халадоў асабліва востра паўстае пытанне захавання супрацьпажарнай бяспекі. Асаблівая ўвага надаецца стану пячнога абсталявання, катлоў, комінаў, электраправодкі, наяўнасці ў дамах пажарных апавяшчальнікаў. Прафілактычную работу на Ляхавіччыне вядуць 9 назіральных камісій, у трэцім квартале абследавана 11000 дамоў і кватэр па ўсім раёне.

У зоне рызыкі – адзінокія пенсіянеры, інваліды, шматдзетныя сем’і, людзі, якія злоўжываюць алкаголем. Члены назіральных камісій імкнуцца «дастукацца» да кожнага, каб яшчэ раз нагадаць правілы супрацьпажарнай бяспекі.

З камісіяй у аграгарадок Нача адправіўся і карэспандэнт «ЛВ».Галоўная мэта – вывучыць умовы жыцця вяскоўцаў, выявіць праблемы, знайсці рашэнні.

Старшыня Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік адзначае важнасць падобных мерапрыемстваў:

– Перш за ўсё размова ідзе пра бяспеку. Назіральныя камісіі наведваюцца да пенсіянераў рэгулярна. Асаблівую ўвагу таксама ўдзяляем адрасам, дзе пражываюць шматдзетныя сем’і, інваліды, людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Важна выявіць праблемныя моманты, каб прадухіліць бяду. Гэтая прафілактычная работа няпростая, але вельмі патрэбная.

Першы адрас, куды адпраўляецца камісія, – дом па вуліцы 60 гадоў Савецкай улады. Тут прапісаны пяць чалавек, трое з якіх дзеці. Гаспадыня сустракае камісію беспарадкам: рэчы раскіданыя па падлозе, ложкі не засцелены, на сталах нямыты посуд…

Гаспадары спіртным не злоўжываюць, але хата не бачыла ўборкі даўно. Жанчына тлумачыць гэта хуткім пераездам. Аўтаномны пажарны апавяшчальнік ёсць, печка ў парадку. Але не перашкодзіла б навесці парадак, робіць заўвагу намеснік начальніка РАНС Сяргей Гатоўчыц.
Пенсіянерку Марыю Уладзіміраўну візіт камісіі здзіўляе, але яна ветліва запрашае ўсіх у дом. Жыве разам з мужам-інвалідам, сама таксама мае інваліднасць. АПА ў доме не ўстаноўлены.

– А навошта? У нас ніхто не п’е, не курыць, – тлумачыць жанчына.

Прычынай пажару можа стаць не толькі непатушаная цыгарэта, але і няспраўныя праводка або электраабсталяванне, няправільная эксплуатацыя печаў, невыкананне элементарных правілаў супрацьпажарнай бяспекі.

Дарэчы, з печчу ў доме было ўсё ў парадку, але камісію насцярожыла фіранка, якая вісела прама каля топкі. Тканіна можа лёгка загарэцца нават ад невялікага вугольчыка, таму парада камісіі – прыбраць фіранку.

Па наступным адрасе з пажарнай бяспекай амаль усё добра. Печка ў поўным парадку. Пажарны апавяшчальнік ёсць, а вось батарэек няма. У пытанні бяспекі важная кожная дробязь. Гаспадары абяцаюць замяніць батарэйкі ў той жа дзень.

У доме па вуліцы Горкага ідзе рамонт, замест печы ўстаноўлены цвёрдапаліўны кацёл. Пытанняў у камісіі да гаспадароў няма, усё ў парадку. Але нагадаць правілы супрацьпажарнай бяспекі будзе нялішнім.

Па дарозе з Начы заязджаем па двух «ненадзейных» адрасах у вёсцы Перахрэсце. Гаспадары злоўжываюць алкаголем, кураць, таму і знаходзяцца пад пільнай увагай розных службаў. Першы адрас – па вуліцы Матросава. У доме няма ні вады, ні газу, ні электрычнасці. Гаспадар ацяпляе дом печкай, якую, дарэчы, пасля заўвагі падрамантаваў. Апавяшчальнікі ў рабочым стане. Нагадваюць – не курыць у хаце, акуратна карыстацца печчу.

А вось да яго суседа пытанняў у камісіі было больш. Мужчына не адмаўляе сабе ў задавальненні пакурыць у доме, а недакуркі кідае на дыванок, які, між іншым, ляжыць ля печы, што небяспечна. І АПА не працуе.

Мужчына атрымлівае апошняе папярэджанне: калі не прыслухаецца, будзе аштрафаваны, і замест невялікай сумы за батарэйкі яму давядзецца заплаціць некалькі базавых велічынь штрафу.

Камісія зафіксавала ўсе недахопы і парушэнні і ў хуткім часе абавязкова пракантралюе, ці выправілі іх гаспадары.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.