Моцнае мотаплячо пошты. Вадзіцеляў-паштальёнаў вяскоўцы называюць веснікамі добрых навін

Наш Васільевіч» –  з павагай гавораць вяскоўцы пра вадзіцеля пошты на колах Аляксандра Міхайлава (на здымку). Яго, як і іншых калег-паштавікоў, з нецярпеннем чакаюць у кожным доме, каб атрымаць свежую карэспандэнцыю, аплаціць камунальныя паслугі і проста пагаварыць

Імчыць аўтамабіль па асфальце, спяшаецца па гравійцы, заязджае ў блізкія і аддаленыя, маланаселеныя вёскі, якія засталіся без паштальёнаў, туды, дзе чакаюць з нецярпеннем вяскоўцы розных узростаў. І гэта не аўталаўка, а пошта на колах. Трэба бачыць, з якой павагай адносяцца да вадзіцеляў-паштальёнаў вяскоўцы, называюць іх веснікамі добрых навін.

– Толькі станоўчыя водгукі чуем пра нашых вадзіцеляў-паштальёнаў. Усе яны малайцы. Пра кожнага можна сказаць: ветлівы, адказны, прафесіянал сваёй справы, уважліва ставіцца да людзей. Калі ўлічыць, што большасць кліентаў – людзі сталага ўзросту, то зразумела, наколькі важныя менавіта гэтыя акалічнасці. Цяпер няма патрэбы ехаць-ісці за некалькі кіламетраў у паштовае аддзяленне – пошта сама прыязджае да сваіх кліентаў, – зазначае начальнік аддзялення паштовай сувязі «Ляхавічы-2» Таццяна Дарашэнка.
Мы прывыклі да таго, што супрацоўнікі пошты – гэта ў асноўным прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. А вось вадзіцелі паштовых аўтамабіляў (яны ж і аператары, і паштальёны, і прадаўцы) у Ляхавіцкім раёне – выключна мужчыны, якія заўжды гатовы падставіць сваё моцнае плячо. Кіруе надзейнай шасцёркай старшы вадзіцель Генадзій Макарэвіч. Акрамя яго ў каманду ўваходзяць вадзіцелі Генадзій Лойка, Уладзімір Рабцэвіч, Павел Войцік, Аляксандр Міхайлаў, Уладзімір Трызна і вопытнейшы, цяпер падменны, Уладзімір Кумейша. У кожнага свой маршрут, распрацаваны графік, прыпынкі ў вёсках (усяго абслугоўваюць 48 населеных пунктаў), але аднолькавая задача: даставіць адрасатам карэспандэнцыю – газеты, часопісы, паштоўкі, а таксама пенсію, прадукты, рэчы паўсядзённага попыту пад заказ, прыняць аплату за карыстанне камунальнымі паслугамі, страхоўку. І так кожны працоўны дзень – а гэта пяць разоў на тыдзень,
акрамя выхадных – нядзелі і панядзелка. Не было такога разу, каб дастаўка не адбылася ў прызначаны час. Нават калі тэхніка дае збоі, вадзіцелі самі яе рамантуюць, прычым стараюцца зрабіць гэта хутка, бо ведаюць: іх вельмі чакаюць.
– Разумеем, што пажылым людзям, а яны асноўнае насельніцтва ў вёсках, самім цяжка дабрацца да аддзялення сувязі, таму пошта на колах для іх выдатнае вый-сце. Афармляем падпіску, прывозім выпісаныя газеты і часопісы, самая папулярная ў вяскоўцаў – раёнка. Акрамя таго, выконваем і ролю аўталаўкі: па заяўках прывозім муку, крупы, макароны, алей, коўдры, падушкі, пасцельную бялізну і іншае, –
расказвае Генадзій Лойка. Яго першы мотамаршрут пачынаецца з Ляхавічаў: развозіць перыядычныя выданні па размеркавальных скрынях, устаноўленых у розных месцах горада. Потым ужо спяшаецца па вёсках сваёй зоны адказнасці: Набярэжная, Мыслабаж, Падбарочча, Ганцавічы, Меляхі, Залужжа, Цыгань, Нівішча.
Аляксандр Міхайлаў па ўзросце самы малады ў вадзіцельскай камандзе паштавікоў, але ў той жа час вопытны работнік – яго паштовы стаж сем гадоў.
– Рабочы дзень звычайна пачынаецца ў 7.30 і доўжыцца да 16.30. Прымаю карэспандэнцыю, упакоўваю заказы. І далей паехаў… Савейкі, Гайнін, Гайнінец,Смаленікі, Мядзведзічы. Зараз – адказная кампанія – ідзе падпіска на перыядычныя выданні. У маіх падапечных самыя папулярныя – «Ляхавіцкі веснік» і «Беларусь сегодня».
Здараецца, даводзіцца не толькі выконваць свае прафесійныя абавязкі, але, калі спатрэбіцца, і дапамагчы, зрабіць сёе-тое, бо як можна адмовіць пажылому адзінокаму чалавеку?
Мабільная перасоўная пошта ўжо даўно даказала сваю жыццяздольнасць і тое, што гэта справа вельмі патрэбная. Яе галоўная мэта – наблізіць паслугі і да жыхароў сельскай мясцовасці – выконваецца з адзнакай «выдатна», а абслугоўванне вяскоўцаў прадумана і арганізавана.
Дарэчы, акрамя вадзіцеляў-паштальёнаў, якія задзейнічаны ў мотадастаўцы, працуе і перасоўнае аддзяленне паштовай сувязі, якое ўзначальвае Кацярына Галіцкая.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.