Сапраўдная каманда Ляхавіцкіх страхавых агентаў мае індывідуальны падыход да кожнага кліента

Прафесіяналы страхавой справы.

З кожным годам Белдзяржстрах прапаноўвае сваім шматлікім кліентам усё новыя віды паслуг, большасць якіх надзвычай запатрабаваная. Прадстаўніцтва Белдзяржстраху з’яўляецца адзіным страхаўшчыком у раёне па абавязковым страхаванні будынкаў, што належаць грамадзянам, жывёлы і птушак, ураджаю сельскагаспадарчых культур, ад няшчасных выпадкаў на вытворчасці і прафесійных захворванняў — усяго па 17 відах. Для сваіх кліентаў Белдзяржстрах прапануе і надзвычай шырокі асартымент добраахвотнага страхавання — 57 відаў.
— Сёння штат нашага прадстаўніцтва — гэта 14 страхавых агентаў і 10 штатных работнікаў. І пра кожнага з упэўненасцю можна сказаць, што ўсе яны ўмеюць паспяхова працаваць з кліентамі, — расказвае дырэктар прадстаўніцтва па Ляхавіцкім раёне Іна Шугаева. Хоць Іна Станіславаўна зусім нядаўна займае пасаду дырэктара (з верасня бягучага года, а наогул у прадстаўніцтве працуе 4 гады), але, як гаворыцца, хутка знайшла агульную мову з калектывам, і разам яны паспяхова робяць вельмі патрэбную справу.
Сёлета за 10 месяцаў прадстаўніцтвам заключана дагавораў на 2 мільярды 859 мільёнаў рублёў, па ўсіх відах страхавання выплачана 1 мільярд 235 мільёнаў рублёў. Індывідуальны падыход да кожнага кліента (тут без добрага ведання псіхалогіі не абысціся), уменне ў кожным канкрэтным выпадку прапанаваць найлепшы варыянт страхавання, кансультатыўнае суправаджэнне на працягу ўсяго тэрміну страхавання (патрэбна выдатнае валоданне нарматыўнай базай). А калі яшчэ да вышэйзгаданага дадаць такія важныя якасці як ініцыятыўнасць, добрасумленнасць, прадбачлівасць, актыўнасць і надзейнасць — то атрымаецца калектыўны партрэт тых, хто месцам сваёй работы абраў Белдзяржстрах.

Страхавыя агенты Ядвіга Пляшэвіч, Марыя Коршун, Вольга Гнацюк.

Тон у рабоце мясцовага прадстаўніцтва задаюць страхавыя агенты: у горадзе — Вольга Гнацюк, у сельскай мясцовасці — Ядвіга Пляшэвіч. Яны лепшыя ў страхавой справе. Не адстаюць і многія іншыя.
У тым, што людзі давяраюць Белдзяржстраху, нічога дзіўнага. Такі давер дарагога варты, і яго неабходна пастаянна падтрымліваць. Канкурэнцыя на страхавой ніве немалая. У Белдзяржстраха — выдатныя традыцыі. Адна з іх — пераемнасць пакаленняў. Тут памятаюць і ўдзячны тым, хто раней працаваў у прадстаўніцтве. Тыя ж, хто на заслужаным адпачынку, не супраць дапамагчы маладзейшым калегам. Разам — яны сапраўдная каманда, якая, дарэчы, сёння адзначае прафесійнае свята — Дзень страхавых работнікаў.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *