Сустрэча з ваенным ухілам. Дзень прафарыентацыі прайшоў у СШ № 1 г. Ляхавічы

Дзень прафарыентацыі прайшоў у СШ № 1. На гэты раз школьнікам прэзентавалі ваенныя спецыяльнасці, расказалі пра асаблівасці тэрміновай службы

Пра сваю прафесійную будычыню варта задумвацца загаддзя, уважліва вывучыць асаблівасці спецыяльнасці, якая цікавіць. Для знаёмства рабят са светам прафесій установы адукацыі выкарыстоўваюць разнастайныя формы работы: месячнікі прафарыентацыі, класныя гадзіны па тэме, тэсціраванне на вызначэнне прафесійных схільнасцяў, сустрэчы з прадстаўнікамі розных прафесій і навучальных устаноў.

Днямі ў СШ № 1 прэзентаваў Ваенную акадэмію Рэспублікі Беларусь яе выкладчык Яўгеній Усташэўскі. Ён, дарэчы, праходзіў тэрміновую службу ў нашым раёне. Расказаў старшакласнікам пра парадак прыёму і асаблівасці навучання ў ваеннай ВНУ. Агульнавайсковы, сувязі і аўтаматызаваных сістэм кіравання, супрацьпаветранай абароны, ваеннай разведкі, авіяцыйны, унутраных войскаў, ракетных войскаў і артылерыі і ракетна-артылерыйскага ўзбраення – факультэты Ваеннай акадэміі рыхтуюць спецыялістаў па 21 спецыяльнасці, шасці напрамках і 34 спецыялізацыях. У навучальнай установе працуюць каля 700 высокаква-ліфікаваных выкладчыкаў, з якіх амаль трэць – з навуковымі ступенямі і званнямі.
На высокім узроўні тут і матэрыяльна-тэхнічная база: лекцыйныя аўдыторыі, класы, спецыялізаваныя кабінеты, лабараторыі, абсталяваныя навейшай электронна-вылічальнай тэхнікай і срод-камі аўтаматыкі. Адным словам, створаны належныя ўмовы, каб курсанты выйшлі са сцен акадэміі не толькі пад-рыхтаванымі спецыялістамі, але і высокаадукаванымі, усебакова развітымі асобамі.
Школьнікаў зацікавіла інфармацыя і пра тое, што ў час навучання курсанты атрымліваюць стыпендыю, двойчы на год (зімой і летам) маюць канікулярны водпуск. Старшакурснікі з трэцяга курса жывуць у добраўпарадкаваным інтэрнаце.
Фільм, паказаны падчас сустрэчы, наглядна прадэманстраваў усе пералічаныя плюсы навучання ў акадэміі.
У той дзень школьнікі цікавіліся асаблівасцямі праходжання дапрызыўнай медкамісіі, парадкам уручэння павестак, як падрыхтавацца да службы ў арміі. На гэтыя і іншыя пытанні падрабязна адказаў начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята горада Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Аляксей Сідаровіч. Ён адзначыў, што ў восеньскі прызыў ва Узброеныя Сілы Беларусі накіраваны 24 нашы землякі. 12 нясуць тэрміновую службу ва ўнутраных войсках МУС, шэсць чалавек – у органах пагранічнай службы. Два землякі праходзяць службу ў рэзерве. Сярод сёлетніх прызыўнікоў  восем з вышэйшай адукацыяй. Для іх служба будзе доўжыцца год, для астатніх – на паўгода больш. 
Хутка нашы салдаты прысягнуць на вернасць Радзіме. Такія моманты хвалюючыя і памятныя для сям’і. На ўрачыстай цырымоніі бацькі і родныя з гонарам назіраюць, як сын-брат за кароткі час падцягнуўся, як яму пасуе ваеннае абмундзіраванне. Яны з годнасцю выканаюць свой воінскі абавязак і падтрымаюць вайсковыя традыцыі. Служыце, землякі, дастойна!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.