Што стала з прызнаннем

У райцэнтры ноччу 11 снежня невядомыя каля ракі Ведзьма паламалі літары – прызнанне гораду. Разабраную кампазіцыю выявілі супрацоўнікі аддзялення па ахове аб’ектаў у горадзе Ляхавічы Бара-навіцкага аддзела дэпартамента аховы МУС. А літаральна ў мінулым нумары раёнка ўжо звярталася да гэтай праблемнай тэмы: хтосьці вырваў гірлянду з аркі каля фантана, пабіў плафоны на ліхтарах, украў пластмасавую скрыню для пяску… Сумна. Крыўдна. Абуральна. Гэта – агульныя для многіх эмоцыі. У тым ліку – для камунальнікаў, чыімі намаганнямі ўпрыгож-ваецца горад.

Яўгеній СІНІЛА, спецыяліст па рабоце з насель-ніцтвам КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ»:
– Па водгуках знаёмых і сяброў ведаю, што дызайнерскія знаходкі камунгаса ляхавічане ўспрымаюць з пазітывам. Да гэтых зручнасцяў таксама маю дачыненне: выточваю элементы з пенапласту і фанеры. Кожная ідэя, перш чым стаць вырабам, абдумваецца-прымяраецца, закупляецца матэрыял. Таму ўсе гэтыя вандальскія выхадкі ўспрымаю як асабістую крыўду.

Аляксандр КАПУЗА, рабочы зялёнага будаўніцтва ўчастка добраўпарадкавання камунгаса:
– Металічныя элементы камунгасаўскіх аб’ектаў зроблены маімі рукамі. Кожная лаўка ці арка робіцца з душой і любоўю. Хочацца, каб землякам было ўтульна і зручна ў горадзе. Каб усё атрымалася прыгожа, трэба папрацаваць. І ўявіце, што адчувае чалавек, калі нехта разбурае вынікі яго працы.
Калі даведаўся, што паламаны літары – прызнанне гораду, апусціліся рукі. Спадзяюся, што вінаватых знойдуць, і яны, у рэшце рэшт, зразумеюць, што зрабілі дрэнна.