Вальс у палацава-паркавым інтэр’еры. Пасля добраўпарадкавання Сваятыцкі палацава-паркавы ансамбль зноў прымае гасцей /фота + відэа/

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ

У дванаццаці кіламетрах ад Ляхавіч прапісана вёска Сваятычы. Ад іншых населеных пунктаў адрозніваецца геаграфічным становішчам – размяшчаецца на мяжы Баранавіцкага і Нясвіжскага раёнаў, суседнічае з Мінскай вобласцю.

Сваятыцкія імяніны

Тут ёсць чым здзівіць і што паказаць гасцям і турыстам. Сярод мясцовых адметнасцяў і Сваятыцкі палацава-паркавы ансамбль. 12 снежня ў яго гістарычнай біяграфіі можна лічыць датай другога нараджэння: пасля добраўпарадкавання ён зноў прымае гасцей. На так званыя імяніны сабраліся прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, ААТ «Жарабковічы», школьнікі Навасёлкаўскай, Падлескай, Жарабковіцкай школ, тутэйшыя жыхары, нераўнадушныя землякі.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч, звяртаючыся на ўрачыстасці да прысутных, падкрэсліла, што ў Год малой радзімы кожнаму куточку на Ляхавіччыне – асобная ўвага, ініцыятыва і дапамога. Шмат робіцца для таго, каб наш край квітнеў, станавіўся ўтульней. Сярод шматлікіх стваральных спраў – добраўпарадкаванне і абнаўленне Рэпіхаўскага парку, сядзібы Чарноцкіх у Начы. Канешне, былую веліч гістарычным мясцінам не вярнуць, але навесці там парадак, зрабіць іх прывабнымі для гасцей, захаваць культурна-гістарычную спадчыну – наш абавязак.
Шчыравалі ў парку працаўнікі мясцовага сельгаспрадпрыемства, жарабковіцкія і падлескія школьнікі, калектывы Жарабковіцкага і Падлескага СДК, рабочыя па добраўпарадкаванні Дзмітрый Славута, Мікалай Карпаў. Старшыня сельвыканкама Ніна Булатая ўдзячна ўсім, хто высякаў галлё, выцягваў старыя паваленыя дрэвы, вычышчаў-выграбаў смецце і г. д. Зроблена нямала, каб сваятыцкая славутасць стала любімым месцам адпачынку і папулярнай турыстычнай кропкай. Да ўсяго тут устаноўлены лаўкі і столікі, валуны-ўказальнікі, на якіх змешчана апісанне аб’ектаў. Дэталь, але значная – наяўнасць урнаў для смецця.

Гісторыя сведчыць

Чым жа знакаміты Сваятыцкі палацава-паркавы ансамбль? Звернемся да гісторыі. Сваятычы вядомы з 1506 года – належалі Станіславу Пятковічу. У свой час маёнткам валодалі Давойны, Карыцкія, Чапскія, Рдултоўскія. У XVIII стагоддзі мястэчка належала роду Абуховічаў. У першай чвэрці XIX стагоддзя Міхаіл Абуховіч пабудаваў у Сваятычах палац, які лічыўся адным з самых прыгожых у Навагрудскім ваяводстве. Рэзідэнцыю ўвекавечыў у сваёй акварэлі ў 1876 годзе знакаміты мастак, кампазітар, піяніст, пісьменнік Напалеон Орда. Парк меў агульную плошчу каля 60 гектараў.
У часы графа Зіберга-Плятэры парк перажыў росквіт. У памесце завозілася вялікая колькасць раслін і дрэў з-за мяжы. Раслі дубы,
бярозы, грабы, вязы, серабрыстая і пірамідальная таполі і г. д.

Маршрут пракладзены

12 снежня 2019 года, нягледзячы на пахмурны настрой надвор’я, парк звінеў ад дзіцячых галасоў. Чаго тут толькі не было: выстава-продаж вырабаў народнай творчасці, гульнёвая пляцоўка для рабят, фотазона і шмат іншых цікавасцяў. Экскурсійны маршрут склалі своеасаблівыя прыпынкі. На адным з іх наваколле расквецілі гукі вальса: на акардэоне віртуозна ігралі навучэнцы Навасёлкаўскай школы мастацтваў Ксенія Раманоўская і Павел Штундзер. Спявала ад душы, шчыра сустракала вакальная група «Забава» Падлескага СДК. Настаўнік геаграфіі Навасёлкаўскай школы Жанна Несцяровіч і педагог-арганізатар Дар’я Блашэнка пра сваятыцкія адметнасці і гісторыю расказвалі маляўніча, імкнуліся падаць факты ў пазнавальна-цікавай форме.

Маладая традыцыя

Востраў кахання – адзін з асноўных элементаў воднай сістэмы комплексу. Там разгарнулася цікавае тэатральнае дзейства. Гасцей вітаў Дзед Мароз і Снягурка. Самадзейныя артысты Жарабковіцкага СДК спявалі, жартавалі, вадзілі карагоды, ладзілі конкурсы і дарылі пада-рункі.
А яшчэ нарадзілася новая традыцыя. З залатым вяселлем віншавалі мясцовых жыхароў Зою і Міраслава Андрыеўскіх. Як сімвал згоды і кахання яны павязалі на дрэве «залатую» стужку, да якой паступова дабавяцца стужкі і іншых колераў ад маладых, якія толькі заключылі шлюб, ці тых, хто ўжо мае вопыт сямейнага жыцця. Для Зоі Сцяпанаўны і Міраслава Станіслававіча ў той дзень гучалі шчырыя віншаванні і пажаданні. Іх паважаюць землякі – шмат гадоў яны працавалі настаўнікамі ў мясцовай школе, заслужылі добрыя словы і ўдзячнасць сваіх вучняў.

Святочная працэсія перамясцілася да прыпынку «Ля каштана», дзе мясцовыя жыхары частавалі гасцей нацыянальнымі стравамі і юшкай.
Клуб гістарычнай рэканструкцыі «Кантон Цюріх» Ураджайнінскага СДК падарыў відовішчнае прадстаўленне, якое перанясло ў далёкае Сярэднявечча. Было цікава і дзецям, і дарослым.
…Побач з паркам велічна ўзвышаецца над ракой касцёл Святога Юрыя. У любое надвор’е ён адбіваецца ў люстры вады. І гэты пейзаж зачароўвае прыгажосцю.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ