Культурны маршрут

Ва ўсе вякі таленавіты беларускі народ ствараў і ўзбагачаў вялікую разнажанравую культурную спадчыну. Сваё развіццё атрымала культура Ляхавіцкага раёна ў савецкі час, асабліва пасля ўз’яднання былой Заходняй Беларусі з БССР. У вёсках адкрываліся чытальні, «круцілі» кіно, будавалі клубы, у якіх мясцовая моладзь ладзіла канцэрты, гульні, танцы, ставілі нават невялікія драматычныя спектаклі, гумарыстычныя сцэнкі.

Прыкладам гонару і пераймання стала дзейнасць хору вёскі Вялікае Падлессе. Яго стваральнік і кіраўнік Генадзій Іванавіч Цітовіч, які пасля быў удастоены звання народнага артыста СССР. Феерычным стала выступленне падлескіх спевакоў у маскоўскім Крамлі на дэкадзе беларускага мастацтва ў 1939 годзе.
Генадзій Іванавіч не парываў цесных творчых і сяброўскіх сувязей з Падлессем, неаднойчы запрашаў нашых таленавітых землякоў у сталіцу, сам прыязджаў на Ляхавіччыну. У 1979 годзе Генадзій Цітовіч – сярод галоўных гасцей свята, прымеркаванага да 40-годдзя з дня ўтварэння самабытнага калектыву.
Плённымі здабыткамі ў культурным жыцці адзначыліся 50-80-я гады мінулага стагоддзя. У сярэдзіне 80-х гадоў у раёне функцыянавалі 49 клубных устаноў, 54 бібліятэкі, больш як паўсотні кінаўстановак, тры дзіцячыя музычныя школы, значна ўмацоўвалася іх матэрыяльная база.
На змену старым драўляным клубам і хатам-чытальням прыйшлі сучасныя Дамы культуры з прасторнымі заламі і ўтульнымі бібліятэкамі, адкрываліся музычныя школы і іх філіялы. СДК адчынілі свае дзверы ў Свяціцы, Востраве, Ліпску, Крывошыне, Галаўнінцах, Русінавічах, Ганчарах, Начы. Адным з культурных цэнтраў стала раённая бібліятэка, якая размясцілася ў сучасным памяшканні на вуліцы Гагарына.
З’явіліся новыя магчымасці для развіцця мастацкай сама-дзейнасці.
Праводзіліся раённыя агляды-конкурсы, у якіх прымалі удзел харавыя, танцавальныя і аркестравыя калектывы, вакальныя ансамблі і групы, індывідуальныя выканаўцы і агітацыйна-мастацкія брыгады, фальклорна-этнаграфічныя групы. Улічваючы вялікую колькасць калектываў і ўдзельнікаў, спачатку праводзіліся занальныя агляды – у Ляхавічах, Тухавічах, Куршынавічах, а затым лепшыя калектывы і выканаўцы дэманстравалі сваё майстэрства на раённай сцэне.
Высокапрафесійным выкананнем вылучаліся народны хор настаўнікаў горада Ляхавічы пад кіраўніцтвам Анатолія Немца, Ліпскі народны хор на чале са Святланай Дыдышка, народны духавы аркестр з яго кіраўніком і дырыжорам Юрыем Лебедзевым. Быў час, калі аркестр налічваў 55 выканаўцаў.
Практыкаваліся ў раёне абменныя канцэрты паміж калектывамі, а таксама справаздачныя творчыя вечары калектываў мастацкай самадзейнасці перад жыхарамі райцэнтра.
Вялікую папулярнасць набылі вечары «Ад усёй душы», ідэю якіх мясцовыя энтузіясты перанялі ад любімай насельніцтвам перадачы па Цэнтральным тэлебачанні з вядучай Валянцінай Лявонцьевай.
У тыя часы не хапала кваліфікаваных кадраў, таму накіроўвалі работнікаў і моладзь на вучобу ў культасветустановы.
Сёння ва ўстановах культуры добрая матэрыяльная база, ёсць тэхнічныя сродкі, дэфіцыт якіх востра адчуваўся раней. На больш прафесійным узроўні рыхтуюцца рэпертуар, мерапрыемствы. Але, на жаль, насельніцтва ўдзельнічае ў самадзейнасці ўжо не так актыўна. І на гэта ёсць нямала прычын – аб’ектыўных і суб’ектыўных. Па аб’ектыўных і іншых прычынах перасталі існаваць клубныя ўстановы, у тым ліку і тыя, што былі пабудаваны некалькі дзясяткаў гадоў назад. Такой сітуацыі паспрыялі гады перабудовы, з’яўленне і бурнае развіццё сучасных сродкаў тэле- і інфармацыйных тэхналогій, міграцыя і натуральнае змяншэнне насельніцтва, старэнне і знікненне з геаграфічнай карты вёсак і вёсачак, у якіх у недалёкім яшчэ мінулым кіпела разнастайнае жыццё.

Мікалай ЮРУЦЬ, старшыня раённага савета ветэранаў.