З зялёным статусам! Крывошынская СШ заняла I месца сярод устаноў адукацыі вобласці, якія прымалі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Чысты лес-2019”


У Крывошынскай СШ радасная падзея. Сярод устаноў адукацыі вобласці, якія прымалі ўдзел у рэспубліканскай акцыі “Чысты лес-2019”, школа заняла першае месца і ўзнагароджана дыпломам Брэсцкага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання.
Школьнікі і педагогі шмат гадоў сябруюць з Крывошынскім лясніцтвам, прымаюць актыўны ўдзел у навядзенні ў лесе чысціні і парадку. Сёлета, напрыклад, шчыравалі на тэрыторыі плошчай больш за пяць гектараў: убіралі галлё, пластыкавыя бутэлькі і пакеты, шкло, смецце. Свае справы занатавалі ў аб’ёмнай рабоце, якая складалася з тэарэтычнай і практычнай частак. Апошняя – у выглядзе двух відэаролікаў. Адзін з іх прысвечаны і адкрыццю пасля добраўпарадкавання Рэпіхаўскага парка. Каб мясцовая славутасць сустрэла гасцей у прывабным выглядзе, пастараліся і школьнікі Крывошынскай СШ. Панараму зверху з дапамогай квадракоптара стварыў ляхавічанін Сяргей Гатоўчыц. У выніку – перамога і сертыфікат на атрыманне навагоднай ёлкі. Яго на ўрачыстай лінейцы ўручыла намеснік дырэктара лясгаса Наталля Адаменка.
Дарэчы, з лесам у школе адносіны не проста сяброўскія. Маюць шэсць узнагарод абласнога ўзроўню з юніёрскага конкурсу «Квітней, мой лес!”
Днямі ўстанове адукацыі прысвоены статус “Зялёная школа”. З такім званнем яна ў раёне адзіная і заслужыла яго дзякуючы ўдзелу ў аднайменным адукацыйным праекце.
Тут створаны групы па інтарэсах: “Сябры птушыных”, “Пост беражлівых”, “Чыстая сажалка”. Вясной рабілі шпакоўні, а птушыная хатка прынесла трэццякласніцы Аляксандры Сельмановіч дыплом раённага ўзроўню. Рабяты акрамя беражлівых адносін да прыроды, эканомна ставяцца і да выкарыстання энергарэсурсаў – у школе і дома.
За ўсе гэтыя і іншыя экалагічныя справы, якімі не проста займаецца, а захапляецца з лютага 2019 года педкалектыў разам са школьнікамі, СШ узнагароджана дыпломам III ступені. Адзнаку настаўнік геаграфіі і біялогіі Юрый Сельмановіч атрымаў 13 снежня ў сталіцы. Педагог з гонарам адзначае, што акрэдытацыю на ўдзел у праекце ў Беларусі маюць толькі чатыры дзясяткі школ.
Планы ў калектыву на экалагічны конт – вялікія, дзеліцца дырэктар школы Ала Гуліцкая. З наступнага навучальнага года плануюць адкрыць на базе СШ школьнае лясніцтва і экалагічны рэсурсны цэнтр. Пры такой зацікаўленасці ўсё атрымаецца!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.