Фармат – адкрыты. У барацьбу за званне лепшага педагога Ляхавіччыны ўключыліся 13 настаўнікаў, выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі раёна

Конкурсы прафесійнага майстэрства, незалежна ад таго, у якой сферы праводзяцца, заўжды маюць высокі рэзананс і непадробны інтарэс.
У снежні ў барацьбу за званне лепшага педагога Ляхавіччыны ўключыліся 13 настаўнікаў, выхавальнікаў дашкольных устаноў адукацыі. Знаёмцеся з прэтэндэнтамі на перамогу: настаўнікі пачатковых класаў з гімназіі – Іна Семчанка, СШ № 2 – Вольга Байчык, Начаўскай СШ – Ганна Падгурская, беларускай мовы і літаратуры – Марына Жытко з СШ №1, рускай мовы і літаратуры – Юрый Дземід з Востраўскай СШ і Святлана Прастакевіч з гімназіі, замежных моў – Таццяна Асос з гімназіі і Таццяна Маляр з СШ № 1, гісторыі – Лізавета Котава з СШ № 1, матэматыкі – Марына Правальская з Тухавіцкай СШ, фізічнай культуры і здароўя – Таццяна Колас з Падлескага ВПК, выхавальнікі дашкольнай адукацыі ясляў-сада №1 Людміла Сяргей і Русінавіцкага ДС – Валянціна Пілецкая. Для кожнага з іх конкурс – гэта работа над сабой, экзамен на прафесіяналізм.

Кожны з удзельнікаў прайшоў ужо некалькі завочных этапаў: прадставілі на суд журы свае работы-справаздачы – сістэму педагагічнага вопыту, відэа адкрытага ўрока. Менавіта тады былі адабраны лепшыя з лепшых выкладчыкаў па асобных прадметах.
Цяпер у разгары важны і адказны іспыт – кожны з прэтэндэнтаў праводзіць адкрыты ўрок (выхавальнікі – занятак) у класе ці групе дзіцячага садка з незнаёмымі дзецьмі. Адна справа – даць урок у класе, дзе ведаеш кожнага вучня, яго магчымасці і здольнасці. Куды цяжэй за 45 мінут не проста данесці вучэбны матэрыял да рабят, якіх бачыш упершыню, але і знайсці падыход да кожнага. Удзельнікам даводзіцца прыкладаць не толькі свае веды, вопыт, майстэрства, але і навыкі псіхолага, уменне ствараць цікавую атмасферу. Акрамя непасрэдна адкрытага ўрока, педагогі праводзяць яго самааналіз.
Пераможца, а магчыма і пераможцы раённага тура, прадставяць дружную педагагічную сям’ю Ляхавіцкага раёна на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь».

Галіна КАНЬКО.