А ў падарунак – фота! Навагодні падарунак гораду падрыхтавалі члены БРСМ і маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ

Навагодні падарунак гораду падрыхтавалі члены БРСМ і маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў. Святочная фотазона гатова для стварэння класных сюжэтаў

Падчас адкрытага дыялога, які прайшоў на мінулым тыдні, актывісты БРСМ і маладзёжнага парламента абмеркавалі-запланавалі для дзяўчат і юнакоў Ляхавіччыны шмат цікавага навагодне-забаўляльнага. І вось адзін з праектаў рэалізаваны. Летам каля кінатэатра «Кастрычнік» гучала фартэпіяна, цяпер жа запрашае землякоў зрабіць здымак на памяць тэматычная фотазона.
Навагодні інтэр’ер стваралі ўласнымі сіламі – кожны з членаў аб’яднанняў прыклаў намаганні, каб атрымалася класнае мястэчка для сэлфі. Рознакаляровы фон – справа рук спецыялістаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, камунальнікі па-майстэрску папрацавалі над драўлянымі ўпрыгожваннямі. Напрыклад, над гадзіннікам, які нагадвае, што хутка той самы час, каб загадаць жаданне. Галоўную зялёную прыгажуню даставілі лясгасаўцы, а навагоднія цацкі, падарункі, што зрабілі гімназісты, рабяты з СШ № 1, СШ № 2, Конькаўскай школы, агракаледжа, сталі класным дапаўненнем да вобраза. Прадстаўнікі ПМК-13 і раёнкі дадалі свой адметны штрых падчас стварэння агульнай карціны фотазоны.
Папрацавалі ўсе – і вынік атрымалі адпаведны. Прахожыя не міналі навагоднюю кампазіцыю, а стваралі свой сюжэт у стужках сацсетак. Дарэчы, ужо ў першы дзень у Instagram з’явілася не адно фота з геалакацыяй каля «Кастрычніка».
– Прыемна, што такую цікавую ініцыятыву падтрымала наша моладзь. З якім захапленнем члены БРСМ і маладзёжнага парламента спрачаліся, думалі, чым здзівіць-парадаваць землякоў. Больш таго, рабяты яшчэ раз упэўніліся ў тым, што калі рабіць разам, то атрымліваецца крэатыўней, а талакой справа ладзіцца якасна і лепш, – адзначае старшыня маладзёжнага парламента пры Ляхавіцкім раённым Савеце дэпутатаў Яўгеній Сініла.
Хочацца спадзявацца, што створаная прыгажосць будзе радаваць ляхавічан на працягу навагодніх святаў і не трапіць у спіс тых аб’ектаў, якія пацярпелі ад рук вандалаў. Давайце разам рабіць наш горад утульным, паважаць людзей, якія стараюцца такімі прыемнасцямі ўзняць настрой, падарыць радасць і нагадаць, што навагоддзе – час цудаў!
А сёння гарадскі парк па вуліцы Дзесюкевіча чакае моладзь Ляхавіччыны на «Навагоднім агеньчыку». Праграма абяцае шмат цікавага: караоке, конкурсы, віктарыны, а лепшыя з лепшых атрымаюць узнагароды.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.