Твая прафесія. Настаўнікі гімназіі г. Ляхавічы сталі фіналістамі рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт-2019”


Педагогі гімназіі даўно і паспяхова ўкараняюць у навучальны працэс інфармацыйныя тэхналогіі. На ўроках выкарыстоўваюць разнастайныя рэсурсы і праграмы для стварэння інтэрактыўных заданняў (віктарын, крыжаванак, пазлаў і гульняў), дыдактычных тэстаў і г.д. Прычым без камп’ютара не абыходзяцца і падчас пазакласнай дзейнасці.
Нядаўна запусцілі праект “Укараненне кампетэнтнасна арыентаванай лічбавай мадэлі прафарыентацыйнай работы як кампанента мабільнай адукацыі”. У яго межах каманда настаўнікаў стварылі прафарыентацыйны сайт “Твая прафесія будучага”. Яго з’яўленне выклікана неабходнасцю дапамагчы падлеткам зарыентавацца ў патоку звестак і вызначыцца з прафесійнай будучыняй. Да ўсяго, маецца інтэрактыўная карта, дзе пазначаны сярэднія спецыяльныя вучэбныя ўстановы і ВНУ Брэстчыны, створаны і атлас прафесій будучага.
Распрацоўшчыкі інфармацыйнага рэсурса падалі заяўку на ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт 2019” і дайшлі да фінала. Варта адзначыць, што змагаліся за фінал 433 работы з усёй Беларусі і толькі 52 каманды запрасілі на заключны этап. У тым ліку і гімназістаў. Яны ў намінацыі “Электронны модуль для дапрафесіянальнай падрыхтоўкі” атрымалі сертыфікат фіналістаў.
Цікава, што сярод аўтараў сайта няма праграмістаў. Вось гэта пяцёрка ініцыятыўных і актыўных фіналістаў: Аксана Гатоўчыц,
Вольга Віннік, Вікторыя Жыхарава, Неллі Пішч, Святлана Прастакевіч.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.