Ляхавіччына: наш тавар прапаноўваем замежным купцам

Аўтатранспартам, па чыгунцы і па вадзе праходзіць экспартны шлях тухавіцкіх торфабрыкетаў.

Зарабляць валюту — адна з прыярытэтных задач нашай эканомікі. На словах гэта выглядае дастаткова проста: усяго і неабходна, што адладзіць продаж у іншыя краіны прадукцыі сваіх таваравытворцаў. Рэальны ж шлях да сэрцаў і кашалькоў замежных пакупнікоў-спажыўцоў з’яўляецца зусім няпростым, з мноствам нюансаў, перашкод, а то і штучна створаных бар’ераў. Часта нават наяўнасць высокаканкурэнтнага па цане і якасці тавару, граматная маркетынгавая палітыка ў яго «прасоўванні» на захад, усход, поўдзень ці поўнач не гарантуюць знешнегандлёвага поспеху. Але ж праўда і ў тым, што няма нічога немагчымага, і вопыт многіх, у тым ліку і некаторых прадпрыемстваў Ляхавіцкага раёна, нядрэнна гэта пацвярджае.
Але спачатку коратка аб агульным. У бягучым годзе знешні гандаль краіны дэманструе пэўны поспех. Па выніках студзеня-верасня сальда тавараабароту склалася станоўчым у памеры каля 1,3 мільярда долараў ЗША. Тэмпы росту экспарту дэманструюць заметна большы дынамізм, чым імпарт. Заўважым для параўнання, за такі ж перыяд летась, знешнегандлёвае сальда было не на карысць краіны, вызначалася адмоўнымі больш як трыма мільярдамі долараў.
Станоўчым момантам можна і трэба лічыць той факт, што рост экспарту адбыўся не за кошт удалага цэнавага раскладу, а дзякуючы павелічэнню фізічных аб’ёмаў паставак. З цаной жа, наадварот, не ўсё адназначна: шэраг таварных пазіцый за гэты час адчувальна «згубіў» у цане.
Што, напрыклад, азотныя ўдабрэнні сталі прадавацца за мяжой па меншай цане, да ляхавіцкага экспарту мае адносіны вельмі і вельмі апасрэдаваныя — не наш тавар. Іншая справа — малочная прадукцыя, цэны на якую за гэты год упалі ў сярэднім на 20, а па некаторых пазіцыях і ў асобных краінах — да 30 працэнтаў. Акалічнасць, якая і стала прычынай зніжэння экспартных паставак СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» да 82,9 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам года мінулага. Так, масла сметанковага было адпраўлена на 160 тон менш, вяршкоў — на 35 тон. З улікам падзення цэн, выручка за масла склала і ўвогуле толькі 43,2 працэнта ад аб’ёмаў мінулагодніх грашовых паступленняў, за вяршкі — 77,5 працэнта. Казеіну, хоць і было прададзена на 100 тон больш, але — зноў жа — з-за падзення цаны «выйсці» на мінулагоднюю выручку не атрымалася — мінус 3,1 працэнта.
Як вынікае з падрыхтаванай аддзелам эканомікі райвыканкама даведкі «Аб выкананні прагнознага паказчыка па экспарце тавараў у 2012 годзе па Ляхавіцкім раёне», пры існуючым цэнавым раскладзе рэнтабельнасць продажу масла сметанковага за межы краіны раўняецца мінус 11 працэнтаў.
У сувязі са зніжэннем вытворчасці свініны — да 98,6 працэнта ў жывой вазе за 9 месяцаў года, у параўнанні з тым жа перыядам летась, некаторае змяншэнне экспарту дапусціла і ЗТАА «БелДан».
А іменна малочны завод і беларуска-дацкае прадпрыемства з’яўляюцца абсалютнымі флагманамі раённага экспарту. На іх прыходзіцца каля 83 працэнтаў ад аб’ёмаў агульнараённых знешнегандлёвых паставак.
Па інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, за выключэннем сельскагаспадарчых, практычна ўсе прадпрыемствы раёна экспартуюць сваю прадукцыю ці паслугі. Але аб’ёмы іх знешніх паставак абсалютна не суадносяцца з пастаўкамі малочнага завода і «БелДана». Намаганнямі іншых прадпрыемстваў агульны экспартны паток папаўняецца прыкладна 17-працэнтным ручаём. Відавочна, што, нягледзячы на факт росту ў бягучым годзе экспартных аб’ёмаў, ААТ «ТБЗ «Ляхавіцкі» у 1,6 раза, ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» — у 3,5, ЗАТ «Ляхавіцкі завод «Металапластмас» — у 1,5 раза — кампенсаваць недапастаўкі раённых гігантаў экспарту, канешне ж, не ўяўляецца рэальным. Адна справа — 83 працэнты на дваіх і зусім іншая, калі 17 на ўсіх астатніх разам узятых.
За студзень-верасень 2012 года на замежных пастаўках Ляхавіччына выручыла 20 мільёнаў 202 тысячы долараў ЗША, што на 2 мільёны 12 тысяч менш, чым на гэтым жа адрэзку часу годам раней — 90,9 працэнта леташніх аб’ёмаў.
У структуры раённага экспарту найбольшую ўдзельную вагу мела прадукцыя жывёлагадоўлі, у значна меншай колькасці — вырабы электратэхнічнага прызначэння, тарфяныя паліўныя брыкеты і некаторыя іншыя таварныя пазіцыі. На працягу года прадпрыемствы і арганізацыі Ляхавіччыны адпраўлялі сваю прадукцыю ў паўтара дзясятка краін свету. Галоўным жа гандлёвым партнёрам была і застаецца Расійская Федэрацыя, сярод асноўных значацца таксама Германія, Польшча, Швецыя.
Асобным радком можна адзначыць ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Справа ў тым, што прадукцыя прадпрыемства за межы краіны трапляе, але — не напрамую ад завода-вытворцы, а праз пасрэдніцкую арганізацыю. Усё б нічога, аднак, экспарт па такой схеме не ідзе ў залік раёну, у падобным выпадку арганізацыяй-экспарцёрам лічацца пасрэднікі. Якім чынам сітуацыю з кансервавым заводам «павярнуць» сабе на карысць? У тым ліку і гэтае пытанне ўздымалася на адной з нядаўніх нарад апарата райвыканкама. У ходзе пасяджэння было таксама адзначана, што, вобразна кажучы, папаўняць валютную казну раёна — працаваць на экспарт — маглі б будаўнічыя арганізацыі Ляхавіччыны, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы.
Тым не менш, нягледзячы на некаторы спад замежных паставак, сальда знешнегандлёвага абароту складваецца на карысць раёна: за 9 месяцаў года экспарт перавысіў імпарт на 14,4 мільёна долараў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *