3 снежня спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН людзям з абмежаванымі магчымасцямі падарылі радасныя і шчаслівыя імгненні

У зале

Паўтары гадзіны радасных і шчаслівых імгненняў падарылі 3 снежня спецыялісты аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Невялікая зала цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе праходзіла мерапрыемства «Свет надзеі і любові», была напоўнена цеплынёй, шчырасцю і дабрынёй людзей, якія кожны дзень даказваюць сабе і грамадству, што можна пераадолець любыя перашкоды. Галоўнае — увага адзін да аднаго, чалавечая спагада.
Да ўдзельнікаў сустрэчы з пажаданнямі здароўя і словамі падтрымкі звярнулася начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз жанчын» Наталля Мацкевіч. Яна ўручыла аддзяленню дзённага знаходжання для інвалідаў падарунак ад грамадскага аб’яднання.
Прыўзняты настрой у зале стваралі юныя таленты з гурткоў цэнтра дадатковай адукацыі. Яны з асаблівым натхненнем спявалі, танцавалі. Вакальную групу «Латаўчанка» сустракалі гучнымі апладысментамі, а нумары ў выкананні Андрэя і Надзеі Цямчыкаў сталі сапраўдным падарункам усім прысутным.

Валерыя Філонава дэманструе сваю работу.

Выдатна сыгралі свае ролі ў мініяцюры «Лавачка», сцэны «Лісіны хвост» удзельнікі гуртка «Творчая майстэрня» аддзялення дзённага знаходжання Галіна Малевіч, Ганна Маслава, Уладзімір Бусько, Дзмітрый Сталярчук. Прыемным дапаўненнем да гасціннай атмасферы ў зале сталі падарункі ад таварыства Чырвонага Крыжа сямейным парам Галіны і Алега Зыранавых, Васілія і Алы Шапеляў, ад «Белай Русі» — выхаванцам цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Падапечныя ТЦСАН падрыхтавалі для ўдзельнікаў выставы «Вясёлка творчасці» сувеніры з бісеру, якія былі ўручаны за «творчасць, працавітасць і майстэрства».
Пра тое, што людзі з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ў нашым раёне не пакінуты сам насам з праблемамі, расказаў відэафільм аб дзейнасці аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН. Яго наведваюць творчыя, спагадлівыя, стойкія людзі, якія сталі вельмі блізкімі для 6-ці супрацоўнікаў аддзялення.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

удзельнікі мініяцюры "Лавачка"

выступленне вакальнай групы "Латаўчанка"

пяюць Надзея і Андрэй Цямчыкі

выраб з выставы "Вясёлка творчасці"

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *