Аднойчы каля ёлкі. Ляхавічане падзяліліся з «ЛВ» шчымлівымі фотаўспамінамі

У кожнага з нас ёсць свая навагодняя гісторыя. Яе беражліва захоўваюць сямейныя фотаальбомы. Сёння нашы землякі падзяліліся з «ЛВ» шчымлівымі фотаўспамінамі.

Мандарынавы водар, бліскучыя шары, рознакаляровыя агеньчыкі і мішура, радаснае хваляванне, падрыхтоўка падарункаў… Усё гэта –
самае любімае, самае чароўнае і непадобнае на іншыя свята –
Новы год. Яго з нецярпеннем чакаюць і дзеці, і дарослыя. Колькі ўспамінаў у кожнага звязана з зімовым цудам.
Памятаю, як не маглі дачакацца раніцы, каб пад упрыгожанай ёлачкай знайсці свой падарунак. Як пад бой курантаў задумвалі жаданне з цвёрдай упэўненасцю, што яно абавязкова спраўдзіцца.
А хіба забудзецца ні з чым не параўнальная, магічная падрыхтоўка да навагодніх ранішнікаў, вечароў, прадстаўленняў. Да чаго ж багатыя на выдумку былі мамы і бабулі, якія са звычайнай марлі майстравалі бялюткія сукенкі для сняжынак, з кардону і каляровай паперы – касцюмы піратаў, прынцаў, іншых казачных персанажаў. Кароны мінулага стагоддзя для дзяўчынак-прынцэс – шэдэўры фантазіі з ваты, фольгі, бітых ёлачных цацак і іншых спадручных матэрыялаў. Але як жа ўсё гэта было прыгожа і цікава. Хто з нас не вучыў вершы, каб потым іх расказаць Дзядулю Марозу і атрымаць найсмачнейшыя цукеркі. Дзеці з радасцю дапамагалі дарослым накрываць на стол у суправаджэнні любімага «Блакітнага агеньчыка».
Новы век памяняў многае, але чароўная навагодняя атмасфера ўсё тая ж. І сёлета ў апошні снежаньскі дзень будзе безліч перадсвяточных спраў. Салат з гарошку і нязменны на працягу больш як трох дзесяцігоддзяў фільм-шлягер «Іронія лёсу…» і ўсімі чаканы тост «З Новым годам! Шчасця і радасці, дарагія і родныя!». А пакуль загадвайце жаданні, каб хутка прагаварыць іх. Гадзіннік б’е  12 разоў.