Шмат нагодаў для свята. «Навагодні агеньчык» сабраў актыўных ляхавічан у гарадскім парку адпачынку

Чым адметна  навагоддзе? Гэта столькі нагодаў для цудаў, творчасці, падарункаў і віншаванняў! І кожны імкнецца паўдзельнічаць у гэтым перадсвяточным буме. Ярка і энергічна было ў мінулую суботу ў гарадскім парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча.
Па-першае, камунальнікі крэатыўна папрацавалі над стварэннем святочнай атмасферы па гэтым адрасе. Танцавальную пляцоўку проста не пазнаць. Яна ў акружэнні святлодыёдных агеньчыкаў. Выгляд – казачны. Ды і навокал усё зіхаціць-пераліваецца, у тым ліку і галоўны атрыбут Новага года.
А яшчэ атмасферу свята стваралі актывісты маладзёжнага парламента пры раённым Савеце дэпутатаў і БРСМ.
Маладзёжная сустрэча «Навагодні агеньчык» сабрала тых, хто любіць бавіць час весела і змястоўна. Прычым, узрост ні ў якім разе не перашкода для актыўнасці. На ўваходзе сюрпрыз ад ЖКГ: фотасесія для ўсіх жадаючых на кабрыялеце Дзеда Мароза, на якім яны разам са Снягуркай заехалі ў горад падчас «Каляднай санаты».
Прыемна, што сярод моладзі столькі неабыякавых людзей. Калі ёсць такая цёплая гучная аддача, хочацца ствараць і працаваць. Дзякуй тым службам, якія падтрымалі райкам БРСМ і маладзёжны парламент у арганізацыі «Навагодняга агеньчыка».
А пасля пачаліся камандныя спаборніцтвы. Сярод удзельнікаў – каляджане, прадстаўнікі ПМК-13, камунгаса, раёнкі, райбальніцы, СШ № 1 і СШ № 2, кансервавага завода. У караоке-конкурсе прадэманстравалі не толькі свае вакальныя здольнасці, але і танцавальныя, уменне працаваць з публікай. Але таму, як на гэтым вечары запальвала каманда «Залаты ўзрост» (аддзяленне дзённага знаходжання пажылых людзей ТЦСАН), можна было толькі пазайздросціць. І маладым калегам дапамагалі, і самі не адставалі. Кожная з каманд атрымала падарунак – сертыфікат на піцу ад БРСМ.
Сваіх актывістаў узнагародзіў маладзёжны парламент. Сярод самых адказных, надзейных, актыўных членаў МП – псіхолаг ТЦСАН Дар’я Марозава. А тыя, хто правільна адказаў на пытанні навагодняй віктарыны, заслужылі прызы ад «Ляхавіцкага весніка».

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.