Каб не захварэць грыпам і не падчапіць ВРВІ — вядзіце здаровы лад жыцця, не забывайце пра загартоўваючыя працэдуры і здаровае харчаванне

Ну вось і дачакаліся зімы. Прыцемкі, дождж, снег і халодны вецер прынеслі з сабой нежаданыя сезонныя «падарункі» — прастуду і вострыя рэспіраторныя і вірусныя інфекцыі. То тут, то там сустрэнеш чалавека, які чхае, кашляе ці пастаянна карыстаецца насавой хусцінкай.
Медыкі сцвярджаюць, што абараніцца ад большасці відаў грыпу можна з дапамогай прышчэпак, а яшчэ папярэджваюць, што пад’ём захваральнасці на ВРЗ на Ляхавіччыне чакаецца напрыканцы снежня — у пачатку студзеня. Як паведаміў урач-эпідэміёлаг раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Васілій Скараход, у раёне прышчэплена супраць грыпу 10504 чалавекі. Як і ў мінулыя гады, бясплатна атрымалі вакцынацыю тыя, у каго ёсць рызыка развіцця цяжкіх пастгрыпозных ускладненняў. Гэта асобы, якія маюць розныя хранічныя захворванні сардэчна-сасудзістай, дыхальнай і эндакрыннай сістэм, парушэнні функцыі нырак, ВІЧ-інфіцыраваныя, а таксама пажылыя грамадзяне, старэйшыя за 65 гадоў.
Урач-эпідэміёлаг падкрэсліў, што грып — адзінае на сённяшні дзень інфекцыйнае захворванне, якое выклікае эпідэмію. Менавіта грып займае першае месца сярод прычын часовай непрацаздольнасці.
Здаецца, пра грып мы ведаем усё ад «а» да «я». Але не лішнім будзе нагадаць, што гэта інфекцыйнае захворванне працякае часцей за ўсё з высокай тэмпературай, агульнай слабасцю, інтаксікацыяй арганізма і абавязкова патрабуе лячэння. Не выпадкова ўрач адразу дае грыпуючаму вызваленне ад работы і вучобы і прадпісвае пасцельны рэжым.
Медыкі раяць пакой, дзе знаходзіцца хворы, рэгулярна праветрываць (3-4 разы ў суткі па 20-30 хвілін) і рабіць у ім вільготную ўборку. Карысна паставіць талерачку з нацёртым часнаком, які выдзяляе фітанцыды, сіла ўздзеяння якіх на бактэрыі і вірусы параўнальная з уздзеяннем высокіх тэмператур.
Як вядома, хваробу лягчэй папярэдзіць, чым лячыць. Гэта ў поўнай ступені адносіцца і да грыпу. З мэтай прафілактыкі дзецям карысна закапваць у нос лейкацытарны інтэрферон (па 5 кропель у кожную ноздру — 2 разы ў суткі з інтэрвалам не менш за 6 гадзін), дарослым — ужываць рэмантадзін ці арбідол (па 1 таблетцы ў дзень), можна таксама і дарослым і дзецям 2-3 разы ў дзень змазваць слізістую носа 0,25-працэнтнай аксалінавай маззю.
Каб не захварэць грыпам і не падчапіць ВРВІ, Васілій Скараход раіць усім весці здаровы лад жыцця, не забываць пра загартоўваючыя працэдуры і здаровае харчаванне, аддаваць перавагу садавіне і агародніне (асабліва налягайце на журавіны, лімон, цыбулю, часнок, чорную рэдзьку, варэнне з чорных парэчак), не забываць пра вітамінныя комплексы. І, канешне, сачыць за ўласным настроем. Толькі станоўчыя эмоцыі і добры настрой — нязменныя спадарожнікі здароўя чалавека, бо дапамагаюць супрацьстаяць розным хваробам.
І ўсё ж, калі грып напаткаў вас, не варта займацца самалячэннем, нават калі вы лічыце, што гэта звычайная прастуда. Любыя лекі маюць сваё пабочнае ўздзеянне. Як сведчаць медыкі, грып небяспечны ўскладненнямі, і каб іх не атрымаць, варта звярнуцца за кансультацыяй да спецыялістаў, а не карыстацца парадамі знаёмых і рэцэптамі народнай медыцыны. Тым больш, хворы чалавек небяспечны і для тых, хто знаходзіцца побач з ім.
Галіна КАНЬКО.

Фота з fabulae.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *