Ляховичи: титул «Мистер года» жюри присудило ученику СШ №1 Артёму Ракутю

Удзельнікі конкурсу

Субота. Вечар. Гарадскі Дом культуры. Немаленькая глядзельная зала сабрала амаль аншлаг. Калі і знаходзіліся там людзі выпадковыя — накшталт, праходзілі побач і ад няма чаго рабіць вырашылі зазірнуць на культурны агеньчык — то ў абсалютнай меншасці. Аўдыторыя гарадскога шоу-конкурсу «Містар года» была, канешне, дастаткова рознай, але і не ў меншай ступені мэтавай. Многія выступалі ў якасці групы падтрымкі свайго кандыдата на ролю містара. Што зразумела і асабліва хвалююча для канкурсантаў — у зале прысутнічала шмат дзяўчат. Юных, жыццярадасных, прыгожых, што паралельна «містару» ў самы раз было б праводзіць і «міс». Але ж дзяўчаты, склалася такое ўражанне, выдатна адчувалі сябе і ў ролі альтэрнатыўнага журы. І справа і злева чуліся іх вясёлыя каментарыі ў адрас прэтэндэнтаў на перамогу ў конкурсе, падказкі несліся на сцэну, раздаваліся частыя апладысменты.
На тытул «Містар года» прэтэндавалі навучэнцы ЛДАКа Арцём Абрамовіч і Эдуард Таран, а таксама вучні СШ №1 Арцём Ракуць і СШ №2 Аляксандр Ліцкевіч. Без усякай іроніі і не дзеля чырвонага слоўца скажам — квартэт смелых. Выйсці на публіку, пры гэтым не разгубіцца, а пад прэсінгам соцень вачэй паказаць сябе ў лепшым выглядзе — трэба адважыцца, праявіць волю, прымусіць працаваць характар.

"Містар года" Арцём Ракуць

Бадай кожны з конкурсаў вечара са свайго боку тэсціраваў юнакоў на таленавітасць. Падчас аднаго з іх, што так і называўся — конкурс талентаў, — прэтэндэнтам на містара прапаноўвалася «раскрыць» сябе ва ўменні спяваць, танцаваць ці, напрыклад, паказаць сябе ў нейкім з відаў спорту і г.д.
Таксама эрудыраваных, спартыўных, з пачуццём гумару, ўменнем знаходзіць хуткае і арыгінальнае выйсце з няпростых сітуацый. Зразумела, быць галантным кавалерам, умець «прарэкламаваць» сябе такім чынам, каб ні ў публікі, ні ў кампетэнтнага журы не ўзнікла і кроплі сумнення — вось ён, ляхавіцкі містар.
Дастаткова паказальна, што ў вызначэнні пераможцы конкурсу меркаванне «перасяклося». Рашэннем журы тытул «Містар года» дастаўся адзінаццацікласніку СШ № 1 Арцёму Ракуцю. Яму ж аддалі прыз сваіх сімпатый і гледачы конкурсу. Намінацыю «Містар-стыль» выйграў Арцём Абрамовіч, «Містар-драйв» — Эдуард Таран, «Містар-эрудыт» — Аляксандр Ліцкевіч.
Галоўным спонсарам конкурсу выступіла ТАА «Трансэлектракамплект».
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *