Клопат не напаказ. Высокапрафесійныя спецыялісты – гэта пра супрацоўнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ляхавіцкага райвыканкама

Для людзей і дзеля людзей – такія прынцыпы работы супрацоўнікаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

У зоне ўвагі гэтай службы пытанні, якія закранаюць інтарэсы бадай кожнага чалавека: заработная плата, пенсіі, забеспячэнне бяспечных умоў і аховы працы, садзеянне занятасці насельніцтва, сацыяльная падтрымка неабароненых катэгорый грамадзян і сем’яў з дзецьмі і многае іншае.
Уважлівыя, адказныя і надзейныя, высокапрафесійныя спецыялісты – гэта пра супрацоўнікаў упраўлення. Службовая характарыстыка будзе няпоўнай, калі не згадаць іх добразычлівасць і спагадлівасць, уменне разумець і жаданне дапамагаць.
Штодзень ва ўпраўленне і ТЦСАН прыходзяць мнагадзетныя маці, пажылыя людзі, інваліды, тыя, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Напрыклад, у лістападзе за назначэннем дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамогі звярнуліся 56 чалавек, сямейнага капіталу – 4, пенсій – 60, выдадзена 59 даведак і пасведчанняў і г. д.
За 12 месяцаў 2019 года дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога ў выглядзе штомесячнай сацыяльнай дапамогі прадастаўлена 100 сем’ям на суму больш за 100 тысяч рублёў. 135 жыхароў Ляхавіччыны атрымалі сацыяльную дапамогу для пакрыцця выдаткаў на набыццё падгузнікаў на суму без малога 130 тысяч рублёў. Бясплатнымі прадуктамі харчавання забяспечаны 53 дзіцяці першых двух гадоў жыцця на суму каля 35 тысяч рублёў. Гэта толькі частка аказанай дапамогі. За лічбамі – канкрэтныя гісторыі і лёсы землякоў, шчырае суперажыванне і дзейсная ўвага.
Кожны супрацоўнік службы дакладна ведае свае прафесійныя задачы і прафесійна іх вырашае. Начальнік упраўлення Дзіяна Трысцень, юрыст па адукацыі, у сістэме сацыяльнай абароны з 1988 года. З якасцямі прынцыповага і кампетэнтнага кіраўніка выдатна спалучаюцца сардэчнасць і спагада.
Вопыт і прафесіяналізм адрозніваюць намесніка начальніка ўпраўлення – начальніка аддзела сацыяльнай абароны Святлану Смаршчок. Яе стаж работы складае больш за два дзесяцігоддзі.
На чале ТЦСАН ініцыятыўны і энергічны дырэктар Таццяна Равінская. Дзейнасць установы накіравана на комплекснае сацыяльнае абслугоўванне грамадзян, якім патрабуецца дапамога. Таісія Макарэвіч у ТЦСАН загадвае аддзяленнем сацыяльнай дапамогі на даму. Яе кампетэнцыя – розныя формы сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Жанну Лешык землякі добра ведаюць як старшыню раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, у ТЦСАН яна адказвае за аддзяленне сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі. Нераўнадушна ставіцца да праблем беспрацоўных намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела занятасці і сацыяльна-працоўных адносін Ірына Пабягайла.
Ахова працы, прафілактыка вытворчага траўматызму, пытанні навядзення парадку на вытворчасці і многія іншыя знаходзяцца
ў сферы ўвагі галоўнага спецыя-ліста ўпраўлення Мікалая Бурбуця.
Такая разнапланавая дзейнасць кожнага з 14 супрацоўнікаў упраўлення і 118 ТЦСАН падпарадкавана адзінай мэце – своечасова працягнуць руку дапамогі чалавеку, які апынуўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.