Майстэрства быць педагогам. Сярод пераможцаў адкрытага рэспубліканскага конкурсу педмайстэрства і настаўнікі Ляхавіччыны

Настаўнік хіміі СШ № 1 Сяргей Абярган і настаўніца пачатковых класаў гімназіі Наталля Пранчак перамаглі ў адкрытым рэспубліканскім конкурсе педагагічнага майстэрства.

Выдавецтва «Аверсэв» з мэтай павышэння прэстыжу педа-гагічнай прафесіі і стымулявання развіцця прафесійнага майстэрства педагогаў-практыкаў правяло конкурс на лепшы план-канспект урока. З усіх куткоў Беларусі даслана больш за 1800 работ, з якіх журы вызначыла 60 пераможцаў у пяці намінацыях.
У «прыроданавуковай дысцыпліне» адной з лепшых прызнана распрацоўка Сяргея Абяргана. На сваіх уроках ён прымяняе розныя метады і прыёмы навучання, знаходзіцца ў пастаянным пошуку такіх формаў навучання, якія дапамогуць зацікавіць складанымі хімічнымі ўраўненнямі і задачамі нават пасіўнага школьніка. Мясцовым рабятам добра знаёмыя заданні дыстанцыйнай алімпіяды «Інтэрхімік» аўтарства Сяргея Уладзіміравіча. На рэспубліканскі конкурс настаўнік-метадыст адправіў план-канспект па тэме «Электралітычная дысацыяцыя», у якім зрабіў упор на выкарыстанне інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій.
Настаўнік гімназіі Наталля Пранчак сваіх трэцякласнікаў вучыць не толькі лічыць, пісаць і прыгожа гаварыць, але і асновам бяспекі жыццядзейнасці: правілам дарожнага руху, пажарнай бяспекі, здароваму ладу жыцця і г. д. На конкурс яна прадставіла ўрок па АБЖ па тэме «Рух па дарогах па-за населеных пунктаў».
Выбар тэмы не выпадковы – дзеці павінны цвёрда засвоіць, што дарога памылак не даруе. Таму трэба, каб яны не проста паўтаралі правілы дарожнага руху, а выконвалі іх бездакорна. Сярод спосабаў навучання – складанне схем-кластараў, праектаванне сітуацыі, іншыя займальныя формы. Наталля Міхайлаўна лічыць, тое, што пададзена цікава і не заўсёды традыцыйна, адкладваецца ў памяці надоўга. А правілы пры такім падыходзе становяцца нормай жыцця. Прыёмы навучання Наталлі Пранчак высока ацэнены журы – яе распрацоўка ўрока прызнана адной з лепшых у намінацыі «пачатковая школа».
Нашым землякам – пераможцам рэспубліканскага конкурсу падчас урачыстай цырымоніі ўручаны дыпломы і планшэты ў падарунак.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з альбома выдавецтва «Аверсэв» з групы Вконтакте