Модныя ўспаміны. «ЛВ» прапануе землякам экскурс па «модных» фота розных гадоў

Сёння «ЛВ» прапануе землякам экскурс па «модных» фота розных гадоў. Такімі мы былі, здаецца, зусім нядаўна: два, тры, чатыры дзесяцігоддзі назад… А ў вас у альбоме ёсць такія здымкі?

Непрадказальная, хуткаплынная, пераменная, але такая прыцягальная яе вялікасць мода. Яе прытрымліваюцца мужчыны і жанчыны, людзі ўсіх узростаў. Але мода – не толькі трэнды ў адзенні і абутку, упрыгожваннях і прычосках, галаўных уборах і аксесуарах, але і добра забытае старое – тое, што насілі нашы бабулі і дзядулі.
На змену міні прыходзіла максі, расклёшаныя штаны змянялі «дудачкі», сукенкі з завышанай таліяй саступалі месца доўгім сарафанам, жаночыя ножкі эфектна глядзеліся і ў туфлях-лодачках, і ў чаравіках на невялікіх абцасах – пералічваць можна бясконца. А назвы… «бермуды», «бананы», «піраміды» – і гэта толькі пра штаны.
На якія хітрасці ні ішлі моднікі і модніцы, каб стаць уладальнікамі выкрайкі са знакамітага часопіса «Бурда», а потым шукалі ў магазінах патрэбную тканіну. Далей да швачак, якія ўвасаблялі жаданні сваіх кліентаў у гатовыя вырабы. Моднае адзенне «выгульвалі» паўсюдна: на рабоце, падчас святаў, на вяселлях, выпускных балях.
Кожнае дзесяцігоддзе мела свае модныя тэндэнцыі.
Так, у 50-я на піку папулярнасці – сукенкі «пясочныя гадзіннікі». Разам з імі на авансцэну выйшлі жаночыя штаны.
60-я пазначыліся ў гісторыі як час нараджэння моды на міні-спадніцы. А яшчэ вялікая ўвага надавалася ўпрыгожванням: чым буйнейшыя, тым лепшыя.


70-я называюць эпохай хіпі. Ірваныя джынсы (вярнуліся ў наш час), расклёшаныя штаны, шырокія кашулі, павязкі на галаву, бранзалеты з нітак і стужак – мара любога модніка той пары. Як і тунікі, вадалазкі, сукенкі-кашулі, абутак на тоўстых высокіх абцасах і платформе.
У 80-я жанчыны пачынаюць выкарыстоўваць падплечнікі, рукавы
«кімано», «рэглан», «лятучая мыш». Джынсы, бясспрэчна, павінны мець «вараны эфект» (для гэтага звычайныя джынсы часцяком варылі ў прамым сэнсе). Надзвычай папулярнымі сталі легінсы і ласіны, аб’ёмныя сукенкі і чорныя скураныя курткі.
90-я ўварваліся ў гісторыю моды як «джынсавыя» гады. Як сцвярджаюць знаўцы моды, багацце фарбаў – вось вылучальныя рысы моды апошняга дзесяцігоддзя ХХ века.
Але, якой бы ні была мода, галоўнае – пачуццё стылю. І не забывайце: сустракаюць па адзенні, а праважаюць па розуме.