Два ваенныя дні

Светлае, радаснае і вялікае свята – 65-годдзе Вялікай Перамогі — мы будзем адзначаць 9 мая. Але ж быў і пачатак вайны, страшнае лета 1941 года, калі ўжо ў першыя дні чырвонаармейцы і камандзіры праявілі геройства і адвагу, да апошняй кроплі крыві абаранялі Радзіму. Менавіта яны заклалі першы камень у падмурак Перамогі.
У зале баявой славы гісторыка-краязнаўчага музея ЛДАКа ёсць экспазіцыя, прысвечаная баявому шляху 55-й стралковай дывізіі імя Варашылава, якая абараняла ляхавіцкую зямлю ад ворагаў у першыя дні вайны. Тут захоўваюцца дакументы і падрабязныя ўспаміны жыхароў тых мясцін, дзе праходзілі баі.
…Перад часцямі 55-й стралковай дывізіі ставілася задача заняць і абараняць рубяжы Стрэлава-Мілавіды-Кулікі, змяніўшы да 12 гадзін 24 чэрвеня на гэтым участку часці 205-й матарызаванай дывізіі, якія патрэбна было адвесці ў свой рэзерв. Аднак, запланаваная перадыслакацыя не была закончана: не прыбылі вялікая частка тылоў дывізіі, часць 128-га стралковага палка і артылерыя на конскай цязе, заканчвалася і гаручае ў аўтама-більным палку, які перавозіў дывізію, а запасы ў Слуцку былі вычарпаны, у распараджэнні толькі адзін камплект боепрыпасаў, супрацьтанкавых мін няма…
Раніцай 24 чэрвеня нямецкія танкі рухаліся з баямі па Варшаўскай шашы (Брэст-Слуцк), вось ужо захоплена вёска Мілавіды, а гэта на мяжы нашага раёна. Вы-сланыя наперад атрады 55-й стралковай дывізіі не паспелі прыбыць на ўказаны рубеж, і на ляхавіцкай зямлі на трэці дзень вайны на рацэ Мышанка і ля вёскі Бярэзкі сустрэліся разведпадраздзяленні Гудэрыяна і 79-ы асобны разведбатальён 55-й стралковай дывізіі 26-га стралковага корпуса. Першы бой, а пасля два дні 24 і 25 чэрвеня 1941 года часці 55-й стралковай дывізіі імя Варашылава ў няпоўным саставе без камдзіва, пад агульным камандаваннем начальніка штаба падпалкоўніка Тэр-Гаспарана трымалі абарону. На два дні на ляхавіцкай зямлі былі затрыманы ўдарныя танкавыя часці гітлераўцаў групы армій “Цэнтр”, асноўнай задачай якіх была Масква. Гэтыя два дні значылі вельмі многае. Іх подзвіг можна параўнаць з абаронай Брэста і Мінска, Лепельскім контрударам і бітвай на Буйніцкім полі пад Магілёвам. Гэтыя два дні таксама набліжалі Перамогу…
А тым часам, атрымаўшы паведамленне разведкі аб праціўніку, перадавы атрад дывізіі з марша разгарнуўся на два бакі шашы. 111-ы стралковы полк пад камандаваннем капітана А. С. Бяляева пачаў рыхтавацца да абароны на рубяжы вёска Завінне-Завінская горка-вёска Марынова. У яго баявых парадках размясціліся супрацьтанкавыя пушкі 129-га асобнага супрацьтанкавага дывізіёна капітана П. П. Асташчанкі. 3-ці артылерыйскі дывізіён маёра В. І. Круглова са 141-га гаўбічнага артылерыйскага палка падаспеў на дапамогу перадавому атраду, дзякуючы механічнай цязе гармат. Яны занялі агнявыя пазіцыі па абодва бакі шашы, у 3-4 кіламетрах на ўсход ад пазіцый пяхоты. Не паспелі акапацца, як каля 13 гадзін на дарозе з’явілася калона нямецкай бранятэхнікі.
Вось успаміны пра гэты бой разведчыка-карэкціроўшчыка штабной батарэі 141-га ГАП Дзмітрыя Іванавіча Дзергунова, 1919 года нараджэння (успаміны друкуюцца ўпершыню — В. Т.): “…Не паспелі мы акапацца, як пасыпаліся снарады немцаў, на дарозе паказаліся гітлераўскія танкі. На перадавой адкрылі агонь мінамёты, супрацьтанкавыя пушкі, палкавая артылерыя, пачалася ружэйна-кулямётная стральба. Адкрылі агонь нашы гаўбіцы, над намі праляталі 40-кілаграмовыя снарады і з вялізарнай сілай узрываліся на дарозе, дзе гарэлі некалькі нямецкіх танкаў. Нам добра была бачна з горкі ўся лагчына. Гаўбічныя фугасы ўзрывалі шашу, узнімалі вялізарныя слупы пылу і шчэбеню, перакульваючы наступаючыя танкі. Пазванілі з пяхоты, што нямецкія танкі лявей дарогі абыходзяць абарону 111-га стралковага палка і пагражаюць нашым агнявым пазіцыям. Камандзір маёр Г. В. Сяроў загадаў В. І. Круглову выкаціць на шашу гаўбіцы і весці агонь прамой наводкай. Некалькі варожых машын адразу загарэліся, астатнія павярнулі назад, пяхота фашыстаў залягла. Нашы пехацінцы, акрыленыя поспехам, пайшлі ў атаку. Старшы лейтэнант Кузьменка пазваніў маёру Круглову і расказаў, як геройскі змагаюцца пяхота і артылерыя. Круглоў таксама паведаміў, што падбіта 10 танкаў і, калі так будзем змагацца, то ўсіх іх пераб’ём. А за лесам пачуўся гул матораў, мы падумалі, што зноў адновіцца танкавая атака, а з-за лесу з’явіліся нямецкія самалёты, якія ляцелі нізка над зямлёй і скідвалі бомбы на пазіцыі пяхоты і артылерыі. Шмат загінула людзей, шмат было знішчана тэхнікі і гармат. Але ніхто не пакідаў агнявыя пазіцыі, разлікі працягвалі весці агонь, бо немцы ўводзілі ў бой усё новыя падраздзяленні танкаў і пяхоты. Нашы сілы былі няроўнымі…”
Разумеючы, што на гэтым рубяжы ворага не затрымаць, падпалкоўнік Тэр-Гаспаран загадаў 111-му стралковаму палку і гаўбічнаму артдывізіёну адыходзіць на ўсходні бераг Шчары. Прыкрываць адыход дывізіі застаўся 129-ы асобны супрацьтанкавы дывізіён капітана П. П. Асташчанкі. Пра іх подзвіг, асабліва пра батарэю лейтэнанта С. П. Уцешава, ёсць шмат звестак, я прывяду ўспаміны мясцовых жыхароў.
У 60-ыя гады мінулага стагоддзя жыхар вёскі Завінне Дамінік Пятровіч Гурман расказваў: “Ніколі не забуду той жудаснай карціны, якую бачыў вунь там, за вёскай Завінне. Каля могілак біліся з немцамі нашы артылерысты са сваімі маленькімі, мабыць, супрацьтанкавымі, пушкамі. Думаю, што ўсе яны загінулі ў баі. Каля двух дзесяткаў танкаў з крыжамі яны спалілі. Гэтых нашых хлопцаў-герояў немцы доўга не дазвалялі хаваць. Нейкі іх генерал заварочваў з шашы сваіх малойчыкаў і строем прыводзіў паказваць поле бою ля могілак, маўляў, вось як трэба да канца стаяць…”
Вось расказ яшчэ аднаго мясцовага жыхара – Міхаіла Міхайлавіча Папко: “ Так, быў і я там, на завіньскіх могілках. Хіба такое забываецца… Нашы былі ўсе як адзін – маладыя, прыгожыя хлопцы. Так і ляжалі тварамі да ворага…”
Другі рубеж абароны па рацэ Шчара – вёскі Вонькі-Мінічы-Мазуркі ўтрымліваў другі эшалон 55-й стралковай дывізіі, які якраз падышоў, у складзе 284-га стралковага палка падпалкоўніка Чаганава, першы і другі гаўбічныя дывізіёны 141-га гаўбічнага артпалка на коннай цязе. Праз мост на рацэ Шчара каля вёскі Мінічы спрабавалі прарвацца фашысцкія танкі і бронетранспарцёры. Тады ў контратаку на гітлераўцаў пайшлі астаткі байцоў разведбатальёна дывізіі. З успамінаў начальніка аператыўнага аддзела штаба артылерыі 55-й стралковай дывізіі Д. А. Марозава: “4 танкі БТ-7 з разведбатальёна пайшлі ў атаку супраць 10-ці фашысцкіх танкаў. На башнях нашых танкаў былі надпісы: “За Радзіму!”, “Смерць гадам!”. Усе 4 танкі згарэлі ў няроўным баі, падбіўшы 5 фашысцкіх, і на некаторы час затрымалі іх рух…”
Як успамінаў начальнік штаба 4-й арміі палкоўнік Л. М. Сандалаў, бой доўжыўся з другой паловы 24 чэрвеня да ранку 25. Немцы былі спынены другім эшалонам 55-й стралковай дывізіі на рацэ Шчара, на 12 гадзін быў за-трыманы іх рух. Фашысты страцілі 30 танкаў і 18 гармат. Ноччу часці дывізіі пакінулі гэты рубеж.
Успаміны разведчыка-карэкціроўшчыка Д. І. Дзергунова: ”На досвітку полк пакінуў гэты лес, зрашэчаны снарадамі, парыты ямамі. Мы таксама панеслі сур’ёзныя страты, але якімі б ні былі яны цяжкімі, байцы ў гэтую ноч адчулі сябе пераможцамі. Яны ўсведамлялі, што за імі разгортваюцца галоўныя сілы, выкарыстоўваючы гэтыя 12 гадзін, якія яны выйгралі ў крывавым баі…”
Трэці рубеж абароны 55-й стралковай дывізіі на ляхавіцкай зямлі праходзіў на рубяжы чыгунак Баранавічы-Лунінец, Ляхавічы-Русінавічы-Тальмінавічы. Пасля цяжкіх двух дзён вайны, без прыкрыцця з паветра, не атрымаўшы падмацавання, 55-я стралковая дывізія пасля цяжкага бою з пераўзыходзячымі сіламі ворага да канца дня 25 чэрвеня 1941 года пачала арганізаваны адыход у напрамку Сіняўка-Слуцк…
… Напярэдадні знамянальнай даты ля экспазіцыі музея, прысвечанай подзвігу народа ў Вялікай Айчыннай вайне, шмат наведвальнікаў: вучні школ, навучэнцы аграрнага каледжа, жыхары горада – маладыя і пажылыя. І праз 65 гадоў, і, напэўна ж, праз стагоддзі, удзячныя нашчадкі будуць памятаць пра подзвіг герояў.
Віктар ТАРАСЕВІЧ, кіраўнік гісторыка-краязнаўчага гуртка ЛДАКа.

One thought on “Два ваенныя дні

  • 31/03/2010 в 19:28
    Permalink

    Не понять это тому кто там не был и не оценить. Если бы не государство, то и цветы возложить на могилы солдат некому было бы… А про ветеранов ВОВ вообще молчу… Чтить, не чтить — дело каждого, дело совести… однако всем нам туда дорога… Яростные поклонники фашистов — скорее яростные ненавистники евреев, или азиатов каких-нибудь… Общество какое-то не понятное… Представь, ты сражаешься за Родину… Гибнут почти все твои родные… Ты колека на всю жизнь… Через 50 лет твой внук ликует и фанатично относится к врагу, который стрелял у тебя на глазах твою жену и мать… … а дальше просо без комментариев…

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *