Аўтапарк з асаблівым камфортам. У Ляхавіцкага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з’явіўся новы спецыяльна абсталяваны для перавозкі выхаванцаў аўтамабіль

Прыгожая падзея ў навагоднім марафоне – у цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з’явіўся новы спецыяльна абсталяваны для перавозкі выхаванцаў аўтамабіль.

Пра такі падарунак марылі даўно – транспарт вельмі патрэбны выхаванцам установы. Сродкі на яго набыццё выдзеліў раённы бюджэт. Ярка-жоўты мікрааўтобус з панарамнымі вокнамі і надпісам «дзеці» – такая экіпіроўка здалёк будзе сігналізаваць пра важных пасажыраў.

9 студзеня дырэктар цэнтра Наталля Маслоўская атрымала ключы ад жаданага падарунка. Ва ўрачыстай цырымоніі прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людміла Жалнерчык, намеснік старшы-ні райвыканкама Святлана Юрлевіч і начальнік аддзела  па адукацыі Святлана Якубоўская. Людміла Мікалаеўна, дарэчы, ужо не першы раз сустракаецца з калектывам ЦКРНіР – у жніўні перадала для заняткаў з выхаванцамі сэнсорнае абсталяванне. Не змагла прапусціць і гэту радасную падзею.
Камфартабельны мікрааўтобус абсталяваны пад’ёмным механізмам для перавозкі дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Устройства забяспечвае плаўны пад’ём і спуск інваліднай каляскі з пасажырам, для якога ў салоне прадугледжана спецыяльнае месца. Устаноўлены сем анатамічных крэслаў з кропкавымі рамянямі бяспекі (менавіта для рабят з абмежаванымі магчымасцямі) і рэгуліроўкай становішча, маецца кандыцыянер. З дадатковых зручнасцяў – ступенька з аўтаматычнай падсветкай.
Усё зроблена так, каб асаблівым пасажырам было бяспечна і камфортна.
Людміла Жалнерчык нагадала: дзецям і іх патрэбам дзяржава надае шмат увагі, што яскрава пацвярджае і сённяшняя падзея.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч падкрэсліла, што зараз выхаванцы ЦКРНіР змогуць не толькі бяспечна дабірацца да месца навучання і вяртацца дадому, але і ездзіць на экскурсіі, удзельнічаць у мерапрыемствах.
Шчыра дзякавала за падарунак мама выхаванца цэнтра Валянціна Катола:
– Сэрца сціскалася, адчувала сябе няёмка, калі педагогам даводзілася падымаць інваліднае крэсла, у якім сядзіць мой сын Ванечка.
Удзячна ўсім за нераўнадушша, за важкую дапамогу.
Не хавалі задавальнення ад абноўкі начальнік аддзела па адукацыі Святлана Якубоўская і дырэктар ЦКРНіР Наталля Маслоўская.
Літаральна днямі спецустанова, дзе навучаюць асаблівых рабят з асаблівымі магчымасцямі, адзначыць чарговы дзень нараджэння. Колькі іх, хлопчыкаў і дзяўчынак, дзякуючы прафесіяналізму і майстэрству педагогаў, за 16 гадоў існавання ЦКРНіР у прамым сэнсе вымавілі свае першыя словы, асвоілі элементарныя бытавыя навыкі, навучыліся сябраваць, адкрылі ў сабе творчыя здольнасці.
Вадзіцель Мечыслаў Бецька забірае рабят раніцай за два рэйсы не толькі з гарадскіх, але і вясковых адрасоў. Дзякуючы гэтым падарожжам, хлопчыкі і дзяўчынкі кожны дзень атрымліваюць магчымасць адчуваць сябе такімі ж, як усе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.