Не пакінуць ні іголкі. Як утылізаваць елку з карысцю

Якія навагоднія святы без ёлкі? Як толькі ў хаце з’яўляецца зялёная прыгажуня, усё навокал напаўняецца водарам лесу, надыходзячага свята.

Упрыгожванне ёлкі для многіх таксама асаблівы сямейны рытуал. Дастаюцца гірлянды, рознакаляровыя шары, мішура і пачынаецца казка. Дзеці спрачаюцца, каму ж дастанецца галоўная місія: упрыгожыць верхавіну зоркай… Першай навагодняй раніцай ёлка таксама ў цэнтры ўвагі. Пад ёй усіх членаў сям’і чакаюць падарункі.

І хоць цяпер у крамах і на рынках велізарны выбар штучных прыгажунь на любы густ і колер, многія ўсё ж аддаюць перавагу жывым елкам.

З года ў год Ляхавіцкі лясгас загадзя рыхтуецца да святаў. І ў гэтым годзе пераднавагодні гандаль ішоў бойка. Дрэва можна было купіць у лясгасе, у шасці лясніцтвах раёна, на рынку ў райцэнтры, гандлявалі ляхавіцкімі елкамі і ў Баранавічах. Да Новага года прададзена 1372 навагоднія дрэвы і 206 навагодніх букетаў.

Што датычыць самавольных высечак, то абышлося без парушэнняў.

Калі святы завяршаюцца, як грыбы пасля дажджу, каля пад’ездаў «вырастаюць» кучы з ужо непатрэбных дрэваў.

Варыянтаў, як часткова ўтылізаваць елку з карысцю для дома, мноства. Напрыклад, калі вы аматар папарыцца ў лазні, то з галінак можна зрабіць выдатны венік.

Яшчэ варыянт – сухія галінкі ад елкі могуць спатрэбіцца на дачы: з высахлай ігліцы робяць спецыяльны насціл на зямлю для садовых культур ці кветак. А ствол можна пусціць на дровы для мангала.
Калі прымяненне навагодняму дрэву ўсё ж не знайшлося, елку або сасну трэба пакінуць каля смеццевых кантэйнераў або ў спецыяльным месцы каля кацельняў.

Ірына КУЗЬМІЧ.