Місія – абясшкодзіць. Камунальная і дарожная службы яшчэ з восені гатовыя да прыродных сюрпрызаў

У гэтым зімовым сезоне надвор’е асабліва непрадказальнае: снежань ды і пачатак студзеня былі па-асенняму цёплымі, а доўгачаканыя сняжок і мароз ляхавічан радавалі зусім не доўга. Тым не менш, яны паспелі прынесці з сабой казачны настрой, а яшчэ нагадалі, што зімовае надвор’е можа стаць прычынай траўмаў і аварый.

Камунальная і дарожная службы яшчэ з восені гатовыя да прыродных сюрпрызаў. У гэтым годзе ДРБУ-200 нарыхтавала 2100 тон супрацьгалалёднай сумесі, камунгас – 150. Гатовая да кругласутачнай працы ў час пік і спецтэхніка. На ўзбраенні ДРБУ дзевяць снегаачышчальнікаў, у тым ліку пяць – на базе МАЗ, два аўтагрэйдары, шэсць пескаразмеркавальнікаў з прычэпамі, тры пагрузчыкі. У моцныя снегапады на дзяжурства выйдзе волат-пагрузчык «ТО-18 М5», у барацьбе са снежнымі валамі па абочынах дарог дапамагае шнэкаротар.

Пад кантролем ДРБУ-200 каля 198 кіламетраў дарог, 53 кіламетры асфальтаваных вуліц у вёсках і аграгарадках. Як адзначылі ў арганізацыі, пры неабходнасці ў першую чаргу апрацоўваюцца асноўныя аўтатрасы раёна, аўтобусныя прыпынкі, пад’язныя шляхі да ўстаноў аховы здароўя, школ, дзіцячых садкоў.

Да снежнай стыхіі гатовы і ў ЖКГ. Гэта служба адказвае за гарадскія вуліцы. У гэтым сезоне на тэрыторыі  горада расстаўлена 90 пластыкавых скрынь з пясчана-салявой сумессю, для падсыпкі дарог укамплектаваны і гатовы да працы пескараскідальнік.

Як бы старанна ні працавалі адказныя службы, вадзіцелям і пешаходам трэба быць уважлівымі на дарогах у любы час сутак і пры любых умовах надвор’я.

Ірына КУЗЬМІЧ.