Прадухіліць і выкараніць. Што стварае перадумовы для карупцыйных праяўленняў, і як супрацьстаяць гэтай заганнай з’яве?

На парадку дня снежаньскага пасяджэння камісіі Ляхавіцкага райвыканкама па супрацьдзеянні карупцыі разглядалася некалькі пытанняў.
Прагучалі справаздачы аб рабоце аналагічных камісій на некаторых прадпрыемствах і ва ўстановах.

Так, старшыня антыкарупцыйнай камісіі КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Віталій Калупановіч расказаў пра праведзеную сярод камунальнікаў растлумачальную работу па асноўных палажэннях заканадаўства па супрацьдзеянні карупцыі, умацаванні дысцыпліны і правапарадку. За мінулы год у райжылкамунгасе праведзена 11 пасяджэнняў камісіі. На адным з іх разгледжана прадстаўленне пракуратуры Брэсцкай вобласці аб ухіленні парушэнняў заканадаўства аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб, аб адміністрацыйных працэдурах, барацьбе з карупцыяй у арганізацыях сістэмы ЖКГ, ухіленні прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць парушэнням. На асаблівым кантролі камісіі – арганізацыя закупак за кошт уласных і бюджэтных сродкаў. Створана конкурсная камісія, парадак закупак за кошт уласных сродкаў размешчаны на сайце icetrade.by.
Для галоснасці і празрыстасці працэсаў закупак
запрашэнні да ўдзелу ў працэдурах, вынікі публікуюцца і на афіцыйным сайце прадпрыемства. Штогод да 1 лютага ў адкрытым доступе на сайце размяшчаецца справаздача аб закупках за кошт уласных сродкаў за мінулы год.
Начальнік Ляхавіцкай архітэктуры Наталля Несцяровіч спынілася на асноўных аспектах работы камісіі, створанай у іх арганізацыі. Яна нагадала, што падчас пасяджэнняў камісіі аналізаваліся стан работы па табельным уліку рабочага часу, захаванне нормаў працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны на прадпры-
емстве (у тым ліку вёўся маніторынг выезду работнікаў за межы Беларусі, адпрацоўка рабочага часу і іншае), стан дагаворнай работы (у прыватнасці, недапушчальнасць лабіравання інтарэсаў заказчыка пры састаўленні дагавораў на шкоду інтарэсам прадпрыемства, выкананне тэрмінаў дагаворных абавязкаў, своечасовая аплата за зробленае).
Пра тое, як выконваліся даручэнні камісіі па супрацьдзеянні карупцыі райвыканкама, паведамілі старшыні камісій ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Наталля Жураўская і ААТ «Шлях новы» Ганна Фалько. І калі да работы камісіі кансервавага завода асаблівых прэтэнзій не было (сітуацыя пачала выпраўляцца, праца стала больш выніковай і не дапушчана новых фактаў карупцыйных праяўленняў), то ў «Шляху новым» пытанняў зноў шмат. У гэтым
сельгаспрадпрыемстве па-ранейшаму нізкая дысцыпліна працы, адсутнічае ўнутраны кантроль, адпаведна – чарговыя парушэнні. Напрыклад, сталоўка, якая знаходзіцца на балансе гаспадаркі, не працуе, а работнікі харчаблока зарплату атрымліваюць. Пакуль так і не прынята палажэнне аб закупках. І гэта няпоўны пералік слабых месцаў у рабоце тутэйшай камісіі па супрацьдзеянні карупцыі.
Аляксандр Камінскі ўказаў на неабходнасць больш выніковай работы камісій па супрацьдзеянні карупцыі на тых прадпрыемствах, дзе былі дапушчаны факты карупцыйных праяўленняў, парушалася вытворчая і выканальніцкая дысцыпліна, мелі месца крадзяжы. Таксама старшыня райвыканкама звярнуў увагу на неабходнасць індывідуальнага падыходу да кожнага члена калектыву пры правядзенні растлумачальнай работы
і ўдакладніў, што камісія па супрацьдзеянні карупцыі выконвае функцыі своеасаблівага аналітычнага цэнтра, які абагульняе інфармацыю пра стан барацьбы з карупцыяй.
На пасяджэнні быў зацверджаны план работы раённай камісіі на 2020 год.

Кіраўнік раёна, старшыня камісіі Ляхавіцкага райвыканкама па супрацьдзеянні карупцыі Аляксандр Камінскі адзначыў, што і іншым арганізацыям варта пераняць практыку камунгаса па штомесячных правядзеннях пасяджэнняў камісіі. Такая форма дазваляе ахапіць як мага больш пытанняў і актыўней праводзіць работу па недапушчэнні ўмоў, што спрыяюць карупцыйным праяўленням.

Галіна КАНЬКО.