Калі бацька павінен. Проста любіць дзяцей мала. Неабходна несці адказнасць за іх выхаванне і ўтрыманне

Быць добрымі бацькамі – вялікая праца. Яна заключаецца не толькі ў тым, каб апранаць-карміць сына ці дачку, а яшчэ і цікавіцца справамі, быць неабыякавым да інтарэсаў, падтрымліваць у імкненні да развіцця і, у прамым сэнсе, знаходзіцца на адной хвалі. Але так бывае не заўсёды. На жаль, ёсць бацькі і маці, якія не абцяжарваюць сябе дзіцячымі праблемамі.

На адным са снежаньскіх пасяджэнняў камісіі па справах непаўналетніх у райвыканкаме разглядалася выкананне ў раёне алгарытму дзеянняў суб’ектаў прафілактыкі па папярэджанні ўхілення бацькоў ад утрымання дзяцей, зацверджанага пратаколам абласной каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.
На дзяржаўныя органы законам ускладзены абавязак па прыняцці мер па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей. Сярод іх і права кожнага дзіцяці, незалежна ад таго, пражывае яно сумесна з бацькамі або асобна, на належнае матэрыяльнае забеспячэнне з боку сям’і. Немалаважная роля ў выкананні гэтай задачы адводзіцца ўзгодненым дзеянням суб’ектаў прафілактыкі.
Па стане на 1 снежня ў аддзеле прымусовага выканання раёна маецца 117 выканаўчых спраў па спагнанні аліментаў, з іх 43 чалавекі маюць запазычанасць. 27 асоб папярэджаны пра магчымасць прыцягнення за гэта да крымінальнай адказнасці. За 11 месяцаў мінулага года аддзел накіраваў ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама шэсць паведамленняў аб аказанні садзеяння ў працаўладкаванні асоб, якія маюць запазычанасць па аплаце аліментаў. Вось толькі з шасці даўжнікоў тры ва ўпраўленне за дапамогай не звярталіся, двум аказана садзеянне ў працаўладкаванні, адзін беспрацоўны пасля рэгістрацыі да наймальніка так і не з’явіўся…
У РАУС накіравана 17 прадстаўленняў для вырашэння пытання аб прыцягненні асоб, якія маюць запазычанасць, да крымінальнай адказнасці. У адносінах васьмі чалавек узбуджаны крымінальныя справы. З дзевяццю асобамі, асуджанымі па артыкуле 174 Крымінальнага кодэкса (ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца ці знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні) праведзены прафілактычныя гутаркі. Усяго ж на ўліку ў РАУС стаяць 14 чалавек, асуджаных па згаданым артыкуле Крымінальнага кодэкса.
Пры падрыхтоўцы заключэння аб мэтазгоднасці пазбаўлення бацькоўскіх правоў пры звяртанні законнага прад-стаўніка пацярпелага непаўналетняга ў аддзеле па адукацыі райвыканкама запытваюцца звесткі пра асоб, якія ў належнай меры не выконваюць абавязкі па ўтрыманні дзяцей. Так, па стане на
1 снежня са статусам «у сацыяльна небяспечным становішчы» ў спісах аддзела налічваецца 94 дзіцяці, якіх выхоўваюць 85 бацькоў (амаль чацвёртая частка з іх не працуе).
Камісія па справах непаўналетніх штоквартальна аналізуе стан спраў, якія датычаць прызнання дзяцей пацярпелымі ад злачынстваў, у тым ліку ў выпадку прыцягнення да крымінальнай адказнасці бацькоў, якія не выконваюць матэрыяльныя абавязкі ў адносінах сыноў-дачок.
Па выніках пасяджэння прынята рашэнне дзеля павышэння эфектыўнасці якасці работы суб’ектам прафілактыкі – аддзелу прымусовага выканання, РАУС, упраўленню па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, аддзелу па адукацыі, камісіі па справах непаўналетніх, райбальніцы, сельвыканкамам – забяспечыць выкананне алгарытму дзеянняў па папярэджанні ўхілення бацькоў ад утрымання дзяцей.
Сярод шасці разглядваемых спраў на пасяджэнні камісіі тры датычылі неналежнага выканання абавязкаў па выхаванні дзяцей. Уразіла сітуацыя ў сям’і, дзе дзяўчынка пры наяўнасці бацькоў, якія скасавалі шлюб, адчувае сябе адзінокай і імкнецца прыцягнуць увагу… суіцыдальнымі спробамі. Маці не можа зразумець дачку, ды, мяркуючы па адказах на пытанні членаў камісіі, не імкнецца да гэтага. Бацька стараецца наладзіць адносіны, але па-мужчынску не разумее дзявочыя інтарэсы. Замкнутае кола, якое камісія паспрабавала дапамагчы бацькам разбурыць. Парады канкрэтныя, у тым ліку працаўладкавацца на пастаяннае месца. Калі гэтыя парады і патрабаванні не знойдуць вырашэння, у дзяўчынкі ёсць перспектыва перайсці пад дзяржаўную апеку.

Сярод мноства бацькоўскіх абавязкаў – ведаць пра заняткі, месцазнаходжанне сыноў-дачок, асабліва ў цёмны час сутак. Дарэчы, за мінулы год у раёне 31 дарослы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за знаходжанне непаўналетняга дзіцяці на вуліцы пасля 23 гадзін без суправаджэння. Начныя прагулкі небяспечныя яшчэ і тым, што спрыяюць уцягненню падлеткаў у супрацьпраўныя паводзіны, узнікненню розных непрыемных сітуацый. І не трэба заспакойваць сябе, што гэта не здарыцца менавіта з вашымі дзецьмі – «станоўчымі» і дамашнімі. Гэта той выпадак, калі сваіх памылак можна і трэба пазбегнуць.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.